Пакроў Прасвятой Багародзіцы прабудзе ў Беларусі да 23 снежня

4 декабря 2018

У гэтыя дні беларусы могуць далучыцца да адной з самых рэдкіх праваслаўных святынь - Пакрова Прасвятой Багародзіцы! Фрагмент хусты, якую насіла Марыя, прыбыў у нашу краіну і прабудзе да 23 снежня.

Ён бачны прама з трасы Аэрапорт - Мінск. Белы з блакітнымі купаламі храм на абочыне аграгарадка Азярыцкая Слабада. Тут паўстаў ажно 250 гадоў таму, але пасля Вялікай Айчыннай быў прызнаны несумяшчальным з Курганам Славы, што закладвалі насупраць. Тады царкву разбурылі. На пачатку ж двухтысячных пачалі аднаўляць. Праўда, сёння 25 гадоў, як тутэйшы храм у будаўнічых рыштаваннях. Радуюць пакуль толькі што ўзведзеныя купалы са званамі і падмурак-цокаль, у якім ідуць набажэнствы.

Храм у Слабадзе названы ў гонар аднаго з самых любімых праваслаўных свят - Пакроў. У аснове гэтага свята ляжыць рэальная гістарычная падзея. Дзявятае стагоддзе. Канстанцінопаль. Вернікі-хрысціяне схаваліся ў храме ад набегу паганцаў-сарацынаў. Яны маліліся Маці Божай аб заступніцтве, а тая накрыла людзей сваім пакровам. І хоць той пакроў быў умоўным - яго бачыў толькі блажэнны Андрэй, але сёння ў слабадскі храм прыехала сапраўдная рэліквія, звязаная з Дзевай Марыяй!

У падтрымку будаўніцтва тутэйшага храма і для духоўнага натхнення прыхаджан у Слабаду прыехаў каўчэг з фрагментам Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Той самай хусты, якую Святая Марыя насіла, калі да яе з весткай аб будучым мацярынстве прыйшоў архангел Гаўрыіл. Гавораць, у гэтай жа хусце Маці Божая была, калі нараджала Ісуса.

Настаяцель слабадскога храма Іаан Ясюкевіч бачыў сапраўдную Марыіну хусту, калі навучаўся ў Францыі. І падумаць не мог, што калі-небудзь рэліквія прыедзе ў Беларусь. Пакроў захоўваецца на захадзе ад Парыжа, у саборы горада Шартр. Тканіна бэжавага колеру вялікіх памераў - нерухомая і недакранальная. Але яе невялічкі кавалачак вось у гэтым перасовачным пазалочаным куфэрку, які пераадолеў з Калмыкіі ў Слабаду тысячы кіламетраў. У Калмыцка-Элісцінскай епархіі рэліквія захоўваецца са снежня 2012.

Разам з Пакровам Прасвятой Багародзіцы слабадчане маліліся яшчэ і каўчэгу з мошчамі самага вядомага хрысціянскага лекара - святога Панцеляймона. Яго таксама прывезлі з Расіі. Святыні падарожнічаюць па Барысаўскай епархіі. Іх ужо ўбачылі вернікі Барысава, Жодзіна, Крупак. Наперадзе яшчэ 16 храмаў.