Падрабязнасці культурных выхадных у Ларысы Гулякевіч

23 августа 2019

Лошыцкая сядзіба ў выхадныя запрашае на літаратурна-музычную вечарыну, у сталічнай галерэі «Універсітэт культуры»  выстава «Чатыры пакоі» і грузінская "Тбілісоба" ў Верхнім горадзе Мінска. Падрабязнасці культурных выхадных у Ларысы Гулякевіч.

Лошыцкая сядзіба запрашае ў суботу на літаратурна-музычную імпрэзу пад назвай "Беларусь. Адчуванне Радзімы". Песні на словы беларускіх пісьменнікаў будуць гучаць у выкананні майстроў з Вілейкі.

Сёлета народны калектыў "Элегія" адзначае юбілей - 20 гадоў. У рамках імпрэзы ўдзельнікі калектыву прэзентуюць песні на словы беларускіх пісьменнікаў і кампазітараў, а таксама аўтараў з Вілейшчыны. Аднак для выступлення вілейскі калектыў аўтарскай песні невыпадкова абраў гістарычны маёнтак Лошыцы.

Выступленні "Элегіі" адбыліся ў Расіі, Літве, Германіі, Польшчы. За час дзейнасці калектывам было запісана 6 дыскаў песень і праведзена шмат дабрачынных акцый.

Да таго ж тут, у Лошыцкай сядзібе, унікальная экспазіцыя. Больш за 150 ікон, выкананых з італьянскага мармуру, оніксу і іншых прыродных камянёў.

Большую частку экспазіцыі складае калекцыя ікон, зробленых паводле Жыровіцкай іконы Божай Маці. Сапраўдная беларуская святыня сёлета адзначае 550 гадоў. Іконы з камянёў – не частая з'ява ў Беларусі. Праект зроблены сучаснымі мастакамі з выкарыстаннем розных тэхнік і прыродных матэрыялаў. У экспазіцыі таксама іншыя копіі вядомых выяў Багародзіцы, у тым ліку Улахернскай, Ціхвінскай, Стакгольмскай.

Гомельскае мастацтва ад чатырох аўтараў у "Чатырох пакоях". Кожны з майстроў разнастайнымі мастацкімі сродкамі дэманструе сваё светаадчуванне ў асобных залах галерэі "Універсітэт культуры".

Так, адзін з чатырох мастацкіх пакояў  -  Сяргея Каўрыгі -  называецца "Дзевы - Рыбы - Пісталеты", Аляксея Наважылава - пакой "Зебра". Таццяна Гяршгорына дэманструе "Ілюзію сноў", а Святлана Каласкова-Чаплінская дзеліцца сваімі ўражаннямі ў пакоі пад назвай "Падарожжа". Экспазіцыя "Чатыры пакоі" дэманструе каля 100 жывапісных і графічных работ, а таксама прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. 

Верхні горад у суботу запрашае на "Тбілісобу", а дворык Гістарычнага музея - на дзіцячы арт-фэст "Калякі–малякі" і свята роднай ежы "Усё сваё". Прыемных і нясумных выхадных і да наступнай пятніцы.