Падпісаны ў друк першы том поўнага збору кніг Францыска Скарыны

26 декабря 2013
Падпісаны ў друк першы том поўнага збору кніг Францыска Скарыны
Сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі падпісаны ў друк першы том поўнага збору кніг Францыска Скарыны. Такім чынам пакладзены пачатак агульнанацыянальнаму праекту па падрыхтоўцы і выпуску першага факсімільнага выдання беларускага першадрукара.

Больш падрабязна аб праекце з гісторыяй у 5 стагоддзяў - наш культурны аглядальнік Ларыса Гулякевіч.


Каб распачаць агульнанацыянальны праект Факсімільнае ўзнаўленне кніжнай спадчыны Францыска Скарыны трэба было атрымаць копіі, якія захоўваюцца ў суседніх краінах - Расіі, Літве, Украіне, Польшчы, Германіі. Потым апрацоўка матэрыялаў, стварэнне навуковай групы, пераклады прадмоў і пасляслоўяў Скарыны і іншыя падрыхтоўчыя моманты. Творчыя, тэхнічныя, навуковыя. І вось старт дадзены! Падпісаны у друк першы том поўнага збору кніг нашага беларускага і ўсходнееўрапейскага першадрукара Скарыны.


Праект прымеркаваны да 500-годдзя выдання Францыскам Скарынам першай кнігі для усходніх славян.


Рэалізацыя праграмы разлічана на 5 гадоў і завершыцца ў 2017 годзе. За гэты перыяд плануецца выпусціць факсімільнае выданне 25 кніг у 20 тамах, надрукаваных Францыскам Скарынам у Празе і Вільні.


Вядома ж, друкаваная кніга захоўваецца значна лепш, чым рукапісная. Тады, 500 гадоў таму, друкавалася не менш за 200 кніжных экзэмпляраў за адно выданне, а буквароў, якімі карысталіся на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага - амаль паўтары тысячы экзэмпляраў і больш. Пра таленавітую асобу Францыска Скарыны сведчыць больш яго навуковая дзейнасць, чым тыя рэдкія дакументы, якія дайшлі да нашага часу.


Факсімільнае выданне будзе іміджавым аднаўленнем спадчыны скарынінскіх шрыфтоў, гравюр, біблейскіх выданняў, тым больш што Беларусь спаборнічае за званне Сусветнай кніжнай сталіцы ў 2017 годзе.


Для Нацыянальнай бібліятэкі захаванне скарынінскіх выданняў - справа годнасці. Рэалізацыя гэтага праекта пры дапамозе дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва.Факсімільнаму праекту папярэднічалі выдавецтва Полацкага Евангелля, Жыція Еўфрасінні Полацкай, Віленскага буквара 18 стагоддзя і іншых факсімільных тамоў. Зараз надышоў час да кніжнай скарынінскай спадчыны.