Падрыхтоўка да дзіцячага Еўрабачання ў разгары

14 октября 2013
Яшчэ ўчора звычайны школьнік, а ўжо сёння прадстаўнік на міжнародным конкурсе. Падрыхтоўка да дзіцячага Еўрабачання ў разгары, бо да фінальнага шоу, якое пройдзе ў Кіеве, засталося крыху больш за месяц. Першая прэс-канферэнцыя беларускага прадстаўніка прайшла напярэдадні ў Белтэлерадыёкампаніі. Юны артыст кожны дзень праводзіць у старанных рэпетыцыях, але не прапускае школьныя заняткі.



Як гэта ўдаецца таленавітаму вучню - у рэпартажы Ніны Мажэйкі.

Трыумфатара нацыянальнага адборачнага тура Ілью Волкава не адразу заўважыш сярод аднакласнікаў. Ні джынсаў, ні скураных пальчатак - толькі афіцыйны дзелавы стыль. У школе строгі дрэс-код. Тут, у гімназіі-каледжы імя Ахрэмчыка, ён такі ж як і ўсё - вучань 6 А класа, адораны і таленавіты.


Ілья Волкаў, прадстаўнік Беларусі на дзіцячым конкурсе песні Еўрабачанне-2013: Мне падабаецца школа, мне падабаецца вучыцца, усе могуць гэта пацвердзіць. Вось так і паспяваю. Расслабляцца нельга, таму што ў Кіеве мяне чакае яшчэ больш.


Гімназія з 50-гадовай гісторыяй рыхтуе сапраўдных спецыялістаў у галіне не толькі музычнага, але і выяўленчага мастацтва. Ілья - будучы дырыжор акадэмічнага хору. У яго раскладзе фартэпіяна, сальфеджыа, пастаноўка голасу, харавы клас. Акадэмічная падрыхтоўка паўплывала. Дзякуючы ўрокам па кампазіцыі напісаў свой хіт за два тыдні. Дарэчы, суседка па парце - напарніца па сцэне. Мілена таксама выйдзе на сцэну з Ільёй. Толькі ў падтанцоўцы.


Міхаіл Пазднікаў, дырэктар гімназіі-каледжа мастацтваў імя Ахрэмчыка: Ілья Волкаў - гэта не выпадковасць, гэта заканамернасць. Заканамернасць тытанічнай працы бацькоў, калі дзіця пад бацькоўскай апекай і суправаджэннем настаўнікаў дае такі вынік.


Абавязковым прадметам да 8 класа будзе фартэпіяна. Двойчы на тыдзень хлопчык займаецца з педагогам у перапынках паміж рэпетыцыямі.


Надзея Іванова, выкладчык фартэпіяна: Мы разумеем, што гэта яго будзе адцягваць зараз ад нашай праграмы, але гэта пройдзе ўжо ў канцы лістапада. І мы вернемся да нашай працы.


Наперадзе ў Ільі фотасесія, удзел у распрацоўцы промапрадукцыі. Да конкурсу засталося крыху больш за месяц. За гэты час трэба многае паспець: напісаць новую аранжыроўку, падцягнуць харэаграфію. Добра, што ўсе важныя пункты ў жыцці Ільі сканцэнтраваныя ў адным радыусе. Раз - і ты ў школе, два - ужо на рэпетыцыйнай базе ў Белтэлерадыёкампаніі. І гімназія, і студыя галоўнага медыяхолдынга краіны, дзе хлопчык рэпеціруе, знаходзяцца на адной вуліцы - Макаёнка.

Дарэчы, у хуткім часе Ілья запіша свой першы дыск з дэбютнай песняй.