Пад Мінскам завяршылася афіцыйная фотасесія групы NaviBand

27 февраля 2017

Адной з папулярных навін сёння стала "Еўрабачанне". За 70 дзён да старту песеннага конкурсу назвалі імёны вядучых музычнага шоу ў Кіеве. Упершыню там няма жанчын. І ўпершыню гэта адразу 3 мужчыны-шоумены.

А літаральна гадзіну таму пад Мінскам завяршылася афіцыйная фотасесія нашых прадстаўнікоў на "Еўрабачанні" - групы NAVIBAND. Эксклюзіўныя кадры са здымачнай пляцоўкі - у рэпартажы Яўгенія Перліна.

Новую старонку "Гісторыі майго жыцця" пісалі сёння ў Заслаўі. Каб прадставіць групу NAVIBAND ва ўсіх афіцыйных выданнях "Еўрабачання", інфармацыйных буклетах, сайтах, сацмедыя, патрэбныя менавіта такія жывыя здымкі.

Гэтыя здымкі журналісты, сацыяльныя сеткі і еўрафаны ўбачаць толькі заўтра. Вы першыя. Ужо прайшла серыя здымкаў у нацыянальных касцюмах. Зараз выканаўцы ў паўсядзённых уборах, у якіх, магчыма, будуць гуляць Арцём і Ксюша ў маі па Кіеве.

На фотасесію NAVIBAND прывезлі кнігу Францыска Скарыны. Трымаць рэдкі асобнік музыкантам дазволілі ўсяго некалькі хвілін.

Навукоўцы аб’явілі версію, што сёлета спаўняецца 800 гадоў нашай нацыі. Гісторык Адам Мальдзіс знайшоў такі дакумент, дзе этнонім "беларус" згадваецца ўпершыню ў 1217 годзе. Задача фатографаў - паказаць тысячагадовую спадчыну ў новым фармаце.

Вобразы для NAVIBAND распрацаваў Сяргей Вярынскі. У сучасныя ўборы дызайнер інтэгруе нацыянальныя беларускія арнаменты і ўзоры. Гуляючы ў іх па Кіеве ў маі, прадстаўнікі нашай краіны на "Еўрабачанні" змогуць прадставіць і частку культуры.

У планах на тыдзень у NAVIBAND - завяршыць працу над аранжыроўкай песні. У пятніцу мы пачуем тую версію "Гісторыі майго жыцця", якая прагучыць у маі са сцэны "Еўрабачання".