Пад Мінскам сёння ўзнавілі эпоху Сярэднявечча

23 июля 2016

Рыцарскія паядынкі, бугурты і галоўная падзея дня - рэканструкцыя Грунвальдскай бітвы. Нагадаем, гэтая бітва з'яўляецца адной з ключавых для нашай краіны. І, без сумнення, яна пераламала ход гісторыі ў Еўропе. Як гэта было 15 ліпеня 1410 года - убачыла Антаніна Станкевіч.

Гэтыя рыцары змагаюцца, нібыта ў апошні раз. На коне – не толькі званне лепшага, але і магчымасць даказаць самому сабе, чаго ты варты. Пад шчодрым ліпеньскім сонцам у даспехах, самыя лёгкія з якіх важаць каля 30 кілаграмаў, быць сапраўдным рыцарам справа нялёгкая.

Змагаюцца адзін на адзін, а таксама ў бугуртах – гэта практычна тое ж самае, што і сценка на сценку. Баі ідуць не на жарт, аднак ніводны ўдзельнік не забываецца і на своеасаблівы кодэкс ветлівасці.

Самая доўгачаканая і відовішчная падзея – рэканструкцыя галоўнай бітвы. Гучаць гарматы, у неба ляцяць стрэлы – і вось ужо на полі бітвы сыходзяцца каля 500 чалавек адначасова.

Усё, што адбываецца на рысталішчы, адпавядае гістарычнай рэчаіснасці, за выключэннем хіба што колькасці воінаў, бо 150 тысяч чалавек пляцоўка ў Пухавіцкім раёне змясціць не можа. Што ж тычыцца тактыкі і стратэгіі, то ўсё роўна так, як і было ў ліпені 1410 года.

Складана паверыць, але ў Грунвальдскай бітве 21 стагоддзя нараўне з мужнымі рыцарамі змагаюцца і вытанчаныя дзяўчаты. Зразумець, хто ёсць хто, у даспехах немагчыма. Аднак дзяўчаты кажуць: у даспехах ваяваць зусім не страшна і не балюча.

Акрамя рыцарскіх турніраў, госці фестывалю ўдзельнічаюць у майстар-класах па традыцыйных рамёствах. Сваімі сакрэтамі дзеляцца ганчары, кавалі. І кожны ахвочы можа нават зрабіць сабе манету на шчасце.

Фестываль наш працягваецца і зараз маштабным рок-канцэртам. А заўтра за званне лепшага паспрачаюцца лучнікі і конныя рыцары.