Пад Мінскам з'явіцца капліца ў гонар княгіні Рагнеды

21 июля 2013

Узведзена яна будзе ў Заслаўі - на месцы, дзе ў X стагоддзі пабудавалі першы манастыр, у якім княгіня Рагнеда прыняла пострыг. Нашы карэспандэнты падняліся на гістарычную Чорную горку і даведаліся, як будзе выглядаць сучасны помнік у Заслаўі.


Падрабязнасці ў Наталлі Кезік.


Хутка ў музейным комплексе Заслаўе з'явіцца яшчэ адно месца для экскурсій і паломніцтва вернікаў.


Лічыцца, што больш за тысячу гадоў таму менавіта на гэтым месцы быў пабудаваны першы манастыр на ўсходнеславянскіх землях. Ёсць доказы і таго, што княгіня Рагнеда ў ім прыняла першы манаскі пострыг з імем Анастасія.


Адбылося гэта, калі княгіня вырашыла не быць нічыёй нявестай, акрамя Ісуса, і ў гэтых сценах прыняла пострыг. У пошуках доказаў старадаўніх паданняў археолагі не раз раскопвалі Чорную горку ў Заслаўі - на месцы былі знойдзены рэшткі драўлянага збудавання. Хутчэй за ўсё гэта і быў той самы першы манастыр.


Тое, што тут знаходзілася княгіня Рагнеда, даказвае і назва гары - Чорная. І тое, што і горад і манастыр размяшчаліся ля ракі Чарніца. Менавіта так у Х стагоддзі называлі манашак.


Пакуль жа на Чорнай горцы ўвагу гараджан і прыезджых прываблівае звычайны драўляны праваслаўны крыж. Ён з'явіўся тут ў мінулыя выхадныя як прадвеснік будучага будаўніцтва.


На пытанне, калі будзе пабудавана каплічка, святары адказваюць - на ўсё воля боская. Вядома толькі, што, згодна з праектам, гэта будзе не пампезнае збудаванне, а звычайнае драўлянае - па прыкладзе таго, што стаяла тут больш за тысячу гадоў таму.