Пад Бабруйскам праходзіць 16-ты міжнародны пленэр па кераміцы "Арт-жыжаль"

29 июля 2019

Калі дызайн стварае прырода. У гэтыя дні пад Бабруйскам праходзіць 16-ты міжнародны пленэр па кераміцы "Арт-жыжаль", дзе мастакі спрабуюць старажытныя тэхналогіі абпалу. Якім пасля гэтага працэсу будзе твор, заўсёды неспадзеўка і для саміх майстроў, працэс непрадказальны. У чым сакрэт такога трэнду ў кераміцы, раскажа Вольга Мядзведзь.

Кожная з гэтых работ непаўторная ў прамым сэнсе слова. Бо малюнак стварае сама прырода пры дрывяным абпале. Адрозніваецца ён ад электрычнага не толькі тэхналогіяй, але і высокімі тэмпературамі  - ад 1000 градусаў. Печы і іх шырокі выбар - эксклюзіўнасць пленэра, які 16-ты раз сабраў мастакоў розных тэхнік з усяго свету. 

Вівіян Дыл, мастачка, удзельніца пленэра (Бразілія): "Я выкладчык выяўленчых мастацтваў, і ў нашым універсітэце ёсць лабараторыя, студыя для працы з электрычным абпалам. І на пленэрах я атрымліваю новы вопыт з дрывяным абпалам. І гэтым разам я ўпершыню працую з такімі відамі печаў, о, таааак, яны знаходзяцца пад зямлёй!"

Новую печ узвялі ў гэтым сезоне ўсяго за тыдзень высілкамі трох мужчын. Саляны абпал патрабуе яшчэ больш высокіх тэмператур - у раёне 1250 градусаў. Эфекты на кераміцы ствараюць выпарэнні ад солі, якая ў волкім выглядзе засыпаецца ў печ. Яны пакрываюць твор, утвараючы быццам паліву.

Антон Ціхановец, мастак, удзельнік пленэра (Беларусь): "Гэта новы такі павеў, і мы не адстаём. Гэта такая фішка, якую могуць паспрабаваць мастакі рэдка дзе, ды і мы хочам пацешыць нашых калег з іншых краін".

"Арт-жыжаль" не адзіны пленэр, дзе практыкуюць такі абпал паводле старажытных тэхналогій, але адзін з нямногіх, дзе маюцца такія разнастайныя печы. Сам працэс вельмі працаёмкі, на шляху да фінальнага, выставачнага выніку майстры праходзяць дзясяткі этапаў. 

Святлана Шугжда, мастачка, удзельніца пленэра (Малдова): "Людзі, якія першы раз прыязджаюць, ходзяць і пытаюць: "А вось калі я вось гэтым пафарбую, што атрымаецца, а вось калі я гэта накрэмзаю, што атрымаецца?" А калі ты там прыязджаеш, не ведаю, які - 5, 6 раз, ты ўжо не задаешся пытаннем, таму што вось накрэмзаю, пастаўлю і пагляджу, што атрымаецца. Таму што можна меркаваць, а што выйдзе, невядома".

Ва ўдзельнікаў ёсць і абмежаванні. Напрыклад, творы не павінны перавышаць вызначаных памераў, каб работа змясцілася ў камеру абпалу. Міжнародны тандэм з 8 краін, апроч індывідуальных керамічных вырабаў, стварае і агульную скульптуру.

Пленэр для 21 удзельніка падоўжыцца 21 дзень. Вынікам працы ў палявых умовах і пад адкрытым небам стане выстава ў Бабруйскім мастацкім музеі. "Мастацтва жывога агню" адкрыецца 6 жніўня, а пасля будзе экспанавацца ў НЦСМ у Мінску і Магілёўскім музеі імя Масленнікава.