Аўтэнтычныя лялькі-абярэгі, калекцыйныя цацкі і эксклюзіўныя аўтарскія працы. Амаль 200 экспанатаў, у тым ліку творы мясцовых майстрых і выхаванцаў цэнтра дадатковай адукацыі прапанаваны ў краязнаўчым музеі Брэста. Акцэнт зроблены на ляльках у народных строях, створаных паводле старажытных "бабульчыных" тэхналогій. Напрыклад, "мотанкі" выконвалі функцыю абярэгаў, а "аднаручкі" дарыліся маладым, як сімвал доўгага шлюбнага жыцця.
На выставе ўжо прайшлі майстар-класы. Брэсцкія ўмеліцы далі ўрок па стварэнні сваімі рукамі сувенірных лялек і раскрылі сакрэты шытва з абрэзкаў - папулярных лялек Тыльда.













