Ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі прымае віншаванні

21 марта 2017

Сёння адзін з самых аўтарытэтных іерархаў праваслаўнай царквы і самы любімы архіпастыр беларусаў Ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі прымае віншаванні. Чалавеку, які для вернікаў з'яўляецца ўзорам добрасардэчнасці і міралюбнасці, а для ўсіх беларусаў - прыкладам духоўнага служэння свайму грамадству, сваёй краіне, уладальніку звання "Герой Беларусі" Уладыку Філарэту 82. Павіншаваць яго сёння імкнуўся чалавек і свецкі, і набліжаны да царквы. Віншаванні Уладыка Філарэт прымаў у сваёй рэзідэнцыі - у епархіяльным упраўленні Беларускага экзархата ў Ракаўскім прадмесці.

Наталля Бардзілоўская - прысутнічала.

Ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Уладыка Філарэт сёння, можа, не такі публічны чалавек, якім яго прызвычаіліся бачыць беларусы. Але ён па-ранейшаму застаецца са сваім народам. Сёння ён робіць, бадай што, самую важную духоўную працу: моліцца за сваю краіну, а на кожныя выхадныя і на праваслаўныя святы прыходзіць сюды – у дамавы храм імя ўсіх беларускіх святых - і здзяйсняе набажэнствы.

А сёння ў яго гонар камерная царква прымала падзячны малебен. Чалавеку, без якога беларусы не ўяўляюць сваіх духоўных гісторый і сучаснага жыцця, спаўняецца 82. Імяніннік – побач з аналоем, а сам храм не ўмяшчае ахвотнікаў яго павітаць. Віншаванне і кветкі – ад імя Кіраўніка дзяржавы. Царкоўны хлеб (прасфора) – дар ад усёй Беларускай царквы. Зрэшты, іерарх не толькі прымае, але і дасылае свае вітанні.

У віншаваннях адна дэлегацыя змяняла іншую. Праваслаўныя з Беларусі, Расіі, Украіны. Сярод гасцей Філарэт сустракае сябра дзяцінства - айцец Аляксій віншаваць прыехаў ажно з Цверы!

У свой час як старшыня аддзела знешніх царкоўных стасункаў Філарэт зрабіў нямала, каб брацкія народы разбуранага СССР захавалі духоўныя адносіны, каб праваслаўная царква незалежна ад дзяржаўных межаў заставалася ў адзінстве. Прымірыць паміж сабой і даць прыклад узаемаразумення – місія, якую Філарэт ад 90-х, ад пачатку служэння нёс і ў шматканфесійнай, шматнацыянальнай беларускай дзяржаве. Беларусь - першы і адзіны на постсавецкай прасторы прыклад, дзе не бачылі розні паміж заходняй і ўсходняй галінамі хрысціянства. Агульныя маленні разам: праваслаўных, каталікоў, мусульман і іўдзеяў – рэлігійныя акцыі, якія адбываліся з блаславення Уладыкі. Лепшы ўзор наладжвання кантакта паміж царквой і дзяржавай, дзяржаўнымі інстытутамі – таксама Філарэт.

Ад яго і пры ім – адраджэнне храмаў і манастыроў, духоўных семінарый і акадэміі, вяртанне святынь: Слуцкага Евангелля і слуцкіх паясоў, аднаўленне праваслаўнага квартала на Нямізе і захаванне старажытнага замчышча: цяпер тут епархіяльнае ўпраўленне. Філарэт - фігура ў адраджэнні царквы і ў гісторыі станаўлення маладой беларускай дзяржаўнасці, Герой Беларусі. Каля паўсотні ўласных узнагарод Ганаровы Экзарх перадаў музею. Невялічкая зялёная зала Мінскай духоўнай акадэміі – біяграфія Філарэта ў матэрыяльным шэрагу.

Амаль 50 экспанатаў. Дакументы, святарскія ўборы і фота, на якіх самае чуллівае: Уладыка – маленькі хлопчык Кірыл у асяроддзі свайго славутага купецка-дваранскага роду Вахрамеевых. Будучы іерарх беларускага праваслаўя.