Плануем культурныя выхадныя з рубрыкай "Праменад"

30 Сакавіка 2018

Музыка рэнесансу ў сценах Нясвіжскага замка, творы Скандынавіі на сцэне філармоніі ў Мінску. А закуліссе Вялікага тэатра Беларусі - у мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”. Плануем культурныя выхадныя з Ларысай Гулякевіч і рубрыкай "Праменад".

У суботу на вялікай філарманічнай сцэне музыка скандынаўскіх кампазітараў Грыга, Сібеліуса, Нільсена. Выканаўцы - Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава.

Гэта першы канцэрт з новага цыкла "Класіка для ўсіх", дзе прагучыць флейта з аркестрам К. Нільсана, творы Сібеліуса, а таксама новая версія музычна-драматычнай кампазіцыі "Пер Гюнт" на музыку Грыга па драме Ібсена з удзелам прафесійных артыстаў Рускага тэатра. Чаму прэм'ера прысвечана менавіта скандынаўскім кампазітарам?

Нясвіжскі замак у суботу запрашае на першы канцэрт пад назвай “Сфорца, Ягелоны, Радзівілы”, прысвечаны 500-годдзю актыўных культурных стасункаў паміж Беларуссю і Італіяй.

500 гадоў таму на трон дзвюх дзяржаў - Каралеўства Польскага і Вялікага княства Літоўскага - узышла славутая італьянка, прадстаўніца арыстакратычнага роду Сфорца - Бона Сфорца, якая спрыяла з’яўленню італьянскага рэнесансу ў нашым рэгіёне. Розныя элементы культуры ўзбагаціліся італьянскімі здабыткамі новай эпохі.

Шыкоўная выстава, прысвечаная 85-годдзю Вялікага тэатра Беларусі. Раскрывае сакрэты закулісся ў рэквізітах, касцюмах і іншых тэатральных дробязях.

Экспазіцыя "Тэатр. INSIGHT" у мастацкай галерэі "Універсітэт культуры" дэманструе экспанаты тэатральнага рэквізіту, эскізы і касцюмы да опер і балетаў. У асобнай зале - дэкарацыі і касцюмы да спектакляў, удастоеных высокіх дзяржаўных узнагарод. Гэта оперы "Сівая легенда" Дзмітрыя Смольскага і "Царская нявеста" Рымскага-Корсакава, балет "Вітаўт" Вячаслава Кузняцова. Вялікая частка экспазіцыі прысвечана і дзіцячаму рэпертуару Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета. Выставу упрыгожваюць таксама яркія афішы, фотаздымкі і бутафорыя.

У Мінску праходзіць III Міжнародны конкурс мастацтваў "Зорныя кветкі". Вакалісты, інструменталісты і танцоры з 15 краін будуць спаборнічаць на такіх пляцоўках Мінска, як ПК трактарнага і Дом Масквы. Нясумных выхадных і да наступнай пятніцы.