Плануем культурныя выхадныя

16 февраля 2018

Латвійскія выставы ў мінскіх галерэях, спектаклі форуму пластычных тэатраў і святкаванне ўсходняга Новага года ў Нацыянальным мастацкім музеі. Плануем культурныя выхадныя з Ларысай Гулякевіч.

Ткацтва як светапогляд і мастацтва, з якога пачынаецца працэс навучання студэнтаў Латвійскай акадэміі. Сумесны праект з Віцебскім дзяржаўным ўніверсітэтам адкрыўся ў галерэі «Універсітэт культуры».

Крэатыўныя тэкстыльныя работы - калекцыя студэнцкіх работ Латвійскай акадэміі мастацтваў розных гадоў. Па праграме навучэнцы ў першую чаргу асвойваюць у сваёй ВНУ тэхніку габеленаў. Спачатку ткуцца невялікія ўзоры тэхнік, а далей ідзе самастойная праца над «перакладам» свайго эскіза ў тэкстыльную матэрыю. Латвійская акадэмія цесна супрацоўнічае з Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя Машэрава.

Прафесійнай школе тэкстыльнага мастацтва Латвіі 56 гадоў, менавіта столькі асвойваецца і ткацтва габеленаў ва ўсёй шматграннасці гэтай тэхнікі.

Яшчэ адна латвійская выстава, якая адкрылася ў галерэі Савіцкага, раскрывае сакрэты мастацкай школы Яна Разенталя, традыцыям якой больш за 120 гадоў.

Школа стала сапраўднай кузняй творцаў, дзе першыя навыкі мастацтва атрымалі шмат вядомых майстроў жывапісу, графікі, скульптуры. Выпускнікі складаюць эліту латвійскага мастацтва ХХ і ХХІ стагоддзяў. Так, у экспазіцыю ўвайшлі работы знакамітага Крыстапса Зарыньша, які сёння з'яўляецца рэктарам Латвійскай мастацкай акадэміі.

Упершыню ў замежнай праграме «ПлаSтформы» (так называецца форум пластычных тэатраў) будзе прадстаўлена Нарвегія. У нядзелю прэм'ера сола-перформанса, заснаванага на тэхніцы танца буто.

Адкрыты форум эксперыментальных пластычных тэатраў праводзіцца чацвёрты раз. Праграма завершыцца ў панядзелак, 19 лютага. З кожным годам «ПлаSтформа» набывае аўтарытэт не толькі ў Беларусі. Сёлета сярод удзельнікаў і калектывы з Польшчы, Украіны і Нарвегіі. У суботу польскія артысты выступяць на сцэне па адрасе вуліца Кастрычніцкая 16, у нядзелю – нарвежскі тэатр у Цэнтры сучасных мастацтваў на Някрасава 3, а ў панядзелак вечар сучаснага танца ў Тэатры сучаснай драматургіі на Крапоткіна, 44.

Нацыянальны мастацкі музей запрашае ў нядзелю на святкаванне ўсходняга Новага года.

Нясумных выхадных!