Пісьменніку, паэту, драматургу і сцэнарысту Уладзіміру Караткевічу - 85 гадоў

29 марта 2016

З гэтай нагоды зоркі эстрады, вядомыя акцёры і тытулаваныя спартсмены гэтым вечарам сабраліся ў Вялікім тэатры Беларусі, каб прадэкламаваць творы стваральніка нацыянальнага гістарычнага рамана. Як Караткевіча спявае Тэа і чытае Чаркашына - уражанні Іны Пілевіч.

Замест практыкаванняў са скакалкай, стужкай, абручом, мячом і булавамі - штодзённыя трэніроўкі па тэхніцы вымаўлення. Бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў Любоў Чаркашына спартыўную арэну прамяняла на канцэртную залу. Цяпер на публіцы дэкламуе фрагмент з аповесці Уладзіміра Караткевіча. Вялікая гімнастка чытае "Маленькую балерыну".

Зоркі спорту, тэатра і эстрады прэзентуюць фрагменты твораў стваральніка нацыянальнага гістарычнага рамана. Хтосьці выбіраў урыўкі, знаёмыя са школьнай праграмы, іншыя літаральна адкрывалі для сябе новае з творчасці аўтара. Дэкламуюць з ліста і на памяць, у суправаджэнні раяля. Артыст Тэа вырашыў праспяваць драматурга.

Літаратурная гадзіна - толькі пралог вечара Караткевіча ў Вялікім тэатры. У фае - рэдкія здымкі і рукапісы пісьменніка. Эксклюзіў на час антракта - магчымасць пачуць голас Уладзіміра Сямёнавіча. Каштоўнасць з архіваў Белтелерадыёкампаніі.

Квіток - за сэлфі. Менавіта такі падарунак Вялікі тэатр Беларусі паабяцаў за арыгінальны фотаздымак з кнігай Уладзіміра Караткевіча. Адразу двум пераможцам Instagram-спаборніцтва дасталіся запрашэнні на нацыянальную оперу "Сівая легенда", у аснове якой - аднайменная аповесць беларускага класіка.

Па сутнасці літаратурны вечар - падарунак для тых, хто набыў білеты на "Сівую легенду". Першая прэм'ера оперы на твор літаратара-містыка адбылася яшчэ ў 1978-м. Лібрэта пісаў сам дараматург. 4 сезоны таму спектакль абнавілі. Караткевіч "Быў, Ёсць і Будзе" ў рэпертуары Вялікага. Нягледзячы на ўсю празаічнасць, застаецца самым оперным. На яго "Дзікае паляванне караля Стаха" таксама пастаўлены спектакль.