Пінск афіцыйна стаў культурнай сталіцай Беларусі - 2019

28 января 2019

Падчас цырымоніі перадачы эстафеты ад Наваполацка палескі горад атрымаў нямала падарункаў. Перададзены сімвалічны ключ, на якім адлюстраваныя ўсе 10 гарадоў-удзельнікаў акцыі за час яе існавання. Пінск выбраны цэнтрам культурных мерапрыемстваў гэтага года невыпадкова. Сталіца Палесся багатая гісторыка-архітэктурнай спадчынай, тут існуюць адзіная ў Беларусі лютневая школа і каля 50 мастацкіх калектываў.

Наталля Карчэўская, першы намеснік міністра культуры Беларусі:

"Вельмі цікавыя творчыя калектывы працуюць, ёсць шмат устаноў адукацыі ў галіне культуры. Таму я лічу, што гэта будзе новым імпульсам для развіцця культуры як на Брэстчыне, на Піншчыне, так і ва ўсёй краіне".

Запланавана больш як 400 культурных ініцыятыў - конкурсы, фестывалі, выставы. Адна з першых ужо адбылася - гэта традыцыйнае гашэнне маркі "Пінск - культурная сталіца". Да гэтай даты былі выпушчаныя таксама лімітаваным тыражом 20 тысяч канверты з выявай горада.