Менавіта ў купальскую ноч роўна 138 гадоў таму нарадзіўся Янка Купала. У памяць аб народным паэце Беларусі сёння высадзілі бэз сорту "паўлінка". Дэкаратыўныя расліны ўпрыгожылі тэрыторыю філіяла "Акопы". Там, у Лагойскім раёне, знаходзіцца бацькоўскі дом Песняра. З 1909 па 1926 год Янка Купала прыязджаў туды да мамы і сясцёр. Там жа напісаў мноства твораў: сярод іх "Раскіданае гняздо", "Бандароўна", "Тутэйшыя".
Алена Ляшковіч, дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы: "Ён вельмі любіў пісаць каля раскрытага акна, а пад акном цвіў бэз, ружы, півоні, язмін. Тут яму вельмі хораша пісалася. Больш за 80 твораў маюць памету "Акопы". Тут напісаны ўсе рамантычныя паэмы, п'есы. У тым ліку і знакамітая "Паўлінка".
Дарэчы, паглядзець пастаноўку вядомай на ўвесь свет п'есы можна анлайн. Зараз праходзіць музейна-тэатральны фестываль "Паўлінка на Купалле". На спецыяльнай інтэрнэт-старонцы размясцілі некалькі тэматычных блокаў. Напрыклад, там можна віртуальна наведаць родныя мясціны паэта або ўбачыць афішы спектакляў розных гадоў.
Павел Латушка, гендырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы: "На старонцы Купалаўска тэатра, на YouTube-канале можна паглядзець народныя традыцыі, правесці віртуальныя экскурсіі па музеі, тэатры. Мы спецыяльна зладзілі канцэрт з калектывам "Песняры".
Купальскім будзе ўвесь тыдзень. Напрыклад, папараць-кветку ў сталіцы ўжо шукалі ў Заводскім раёне. Там прайшлі майстар-класы па пляценні вянкоў і выступленне народных калектываў. Кульмінацыяй свята па традыцыі стала купальскае вогнішча. А ўжо ў выхадныя эстафету народных гулянняў падхопіць Батанічны сад.
П'есы анлайн і пошукі папараць-кветкі на майстар-класах. У Мінску стартаваў Купальскі тыдзень
7 июля 2020













