Песні ваенных гадоў на "Плошчы Перамогі"

9 мая 2016

На плошчы Перамогі ўжо пачаўся святочны канцэрт, які так і называецца "Плошча Перамогі". Песні ваенных гадоў, якія ўжо даўно сталі класікай, у суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра выконваюць артысты эстрады Беларусі і Расіі. Прама зараз на сувязі са студыяй наш карэспандэнт Ніна Мажэйка (прамое ўключэнне).

Канцэрт ужо пачаўся. За маёй спіной вы бачыце гасцявыя трыбуны, партэр і, вядома ж, пляцоўку перад Вечным агнём. Яна занятая музыкантамі Прэзідэнцкага аркестра Беларусі. Бессмяротныя хіты ваенных гадоў сёння прагучаць менавіта ў іх выкананні. А ў імправізаваным партэры госці канцэрта - гэта і запрошаныя ветэраны, і прадстаўнікі дыпмісій, і медыйныя асобы краіны.

Канцэрт ля падножжа 38-метровага абеліска Перамогі, бадай, самы маштабны за ўвесь час. Круглая плошча сёння нагадвае канцэртную залу пад адкрытым небам. Пачало канцэрт відовішчнае выступленне роты ганаровай варты.

Працуе і здымачная група Белтэлерадыёкампаніі. За некалькі гадзін да канцэрта каля плошчы Перамогі прыпаркавалася перасоўная тэлевізійная станцыя "Александрына". Яна забяспечвае тэлевізійную версію канцэрта: адразу 10 камер працуюць па перыметры плошчы.

Хіты ваенных гадоў сёння выконваюць беларускія і расійскія артысты. На канцэрт у Мінск прыехала Алена Ваенга. А побач са мной дырэктар і мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры" Вячаслаў Шарапаў, які ўжо гатовы да выступлення (відэа).

Тэлеверсію канцэрта тэлегледачы тэлеканалаў "Беларусь 1" і "Беларусь 24" убачаць адразу пасля "Панарамы". А яркай кульмінацыяй свята стане традыцыйны салют у 22 гадзіны. Упершыню сёлета святочныя залпы будуць раздавацца з паркаў Горкага і Янкі Купалы. Усяго ў Мінску будзе працаваць восем усталёвак. Упершыню будуць скарыстаныя маляўнічыя феерверкі "Чырвоны мак", "Герань", "Аксаміт".