Першы конкурсны дзень прайшоў на фестывальнай сцэне Віцебска

14 июля 2019

У фестывальным Віцебску завяршыўся першы дзень конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2019". Сёлета за Гран-пры "Славянскага базару" змагаюцца прадстаўнікі 16 краін. Упершыню на фестывальную сцэну выйшла канкурсантка з Кітая. А ад Беларусі сёлета выступае мінчанін Іван Зданюк. У першы дзень вакалісты спявалі на славянскіх мовах, многія, дарэчы, упершыню. Па выніках лідзіруе выканавец з Казахстана.

За ходам выступленняў уважліва сачыла не толькі журы, але і наш карэспандэнт Вольга Маслоўская. Ніхто не ўбачыць іх хвалявання. Усе перажыванні яны пакінулі на апошняй рэпетыцыі, каб у прызначаную гадзіну выйсці на сцэну Летняга амфітэатра гатовымі здзіўляць і перамагаць. 16 удзельнікаў з 16 краін свету. Ізраіль, Германія, Расія, Украіна, Балгарыя, упершыню сёлета ў вакальным спаборніцтве прадстаўленыя Швейцарыя і Кітай. За Беларусь і аб Беларусі спявае Іван Зданюк. Першы конкурсны дзень - і суперхіт "Кучаравая" ў сучаснай інтэрпрэтацыі.

Авацыі залы і 82 балы ад журы - з такім прамежкавым вынікам Іван Зданюк завяршае першы конкурсны дзень. У журы прафесіяналы, якія ўсім добра вядомыя: Ірына Білык, Саманта Ціна, Віктар Бабарыкін. Старшынствуе Тамара Гверцытэлі. Апладысментамі Віцебск праводзіць кожнага канкурсанта. Цёплы прыём - лепшы антыстрэс. Але голас - інструмент далікатны. Хваляванне, ды і не па-ліпеньску халаднаватае надвор'е звязкам не на карысць.

Падчас конкурсу адна з грымёрак у Летнім амфітэатры абсталяваная пад кабінет фаніятра. Так што прафесійная дапамога на адлегласці выцягнутай рукі. Спецыялісты на пасту да апошняй праспяванай песні. У фестывальныя дні Віцебск калі і засынае, то ўсяго на пару гадзін на досвітку. Віруе жыццё ў горадзе майстроў. Кожны год у дні "Славянскага базару" менавіта рамеснікі, гандляры і вулічныя музыканты ствараюць непаўторную атмасферу свята. Вядома, з выгадай для сябе, бо яшчэ ні адна зорка не пакінула горад майстроў без пакупкі. Аляксандр Алешка, да прыкладу, ужо калекцыю савецкіх дзядоў-марозаў за дзесяць гадоў сабраў.

Ад вулічных артыстаў да артыстаў у святле рампы не больш за сто метраў. У Акадэмічным драматычным імя Якуба Коласа сустрэчу прызначыў прадзюсарскі цэнтр "М-арт". На сцэне ўлюбёнцы публікі Валерый Гаркалін, Данііл Співакоўскі, Вольга Пракоф’ева.

Сёння ў тэатры - "Кабала святош" паводле Булгакава. У Дзяніса Майданава - зорная гадзіна ў міжнародным прэс-цэнтры і сольнік у канцэртнай зале "Віцебск". А на сцэне амфітэатра праграму "Усё вернецца" прапаноўвае Надзея Кадышава і ансамбль "Залатое кальцо". У дзесяць вечара пачнецца другое конкурснае выступленне ўдзельнікаў вакальнага спаборніцтва. Выканаюць сусветныя хіты пад фанаграму -1. Нагадаем, беларус Іван Зданюк спявае першым.