Першы беларускі анімацыйны серыял праз месяц пакажуць у Канах

10 сентября 2014

Добрая казка не толькі для самых маленькіх. Першы беларускі анімацыйны серыял у 3D Робікі праз месяц пакажуць у Канах. Сёння стваральнікі працуюць над першым сезонам і малююць кожную дэталь выдуманага свету робатаў. Тут ёсць месца ліхадзеям і героям, а сюжэту можа пазайздросціць любы блокбастар. Калі Робікаў можна будзе ўбачыць, ведае Ксенія Рабчынская.


Такога горада на карце свету няма, ды і сам робат па імені Светлік яшчэ два гады таму быў фантазіяй. Сёння ён не толькі з плоскасці папяровага малюнка, так званага скетча, перайшоў у прастору 3Д, у Светліка з'явіліся сябры і бацькі. У першым беларускім анімацыйным мультфільме зрабілі стаўку на дабро, але не толькі таму, што яно заўсёды перамагае.


Выхоўвае Светлік не толькі свой характар. Увесь гэты час, усміхаюцца стваральнікі мультфільма, ён выхоўвае і іх. Робат-падлетак, як любы персанаж, перастаў быць толькі выдумкай і зараз нават тыя, хто пішуць для яго дыялогі, не заўсёды ведаюць, што Светлік зробіць далей.


А яшчэ тут імкнуцца да таго, каб мультфільм не стаў толькі казкай для дзяцей. Стваральнікі ўпэўнены, што Робікі спадабаюцца і бацькам. Характары герояў змяняюцца, тут няма толькі чорнага і белага, толькі дрэннага і толькі добрага. Кожны робат, зусім як жывы, неадназначны.


А ўжо праз месяц кот-бутэрброд, Светлік і стваральнікі серыяла адправяцца ў Каны, дзе прэзентуюць Робікаў на ўвесь свет. Там жа плануюць знайсці і партнёраў, якія пакажуць серыял за мяжой. Зараз трансляваць мультфільм не плануюць да таго моманту, пакуль не намалююць усё да апошняга кадра.


Сёння адзіная ў Беларусі анімацыйная студыя ўжо завяршыла працу над шасцю серыямі Робікаў, у планах у першым сезоне ўсяго 26. І ўжо праз паўтара года гледачы змогуць паглядзець серыял па тэлевізары, а ў перспектыве і на вялікім экране.


Акрамя поўнаметражнага фільма паводле серыяла ўжо ёсць і ідэі для другога сезона. А яшчэ для лінейкі цацак-робікаў і нават для мабільнай гульні, дзе дзеці змогуць кіраваць Светлікам і іншымі персанажамі, каб разам перамагаць зло, хай пакуль толькі і ў выдуманым горадзе з сусвету Робікаў.