Першыя пяць тамоў факсіміле Францыска Скарыны набылі сваіх чытачоў

18 июня 2014
Яшчэ адзін крок да святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання зрабілі сёння ў Мінску. Да юбілею, які і славянскі, і ўвесь еўрапейскі свет адзначыць у 2017 годзе, задуманы і паступова рэалізуецца агульнанацыянальны праект па выпуску факсіміле поўнага збору кніг Францыска Скарыны. Свет ужо ўбачылі пяць з дваццаці тамоў. І вось сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы яны набылі першых чытачоў.

Каму дасталіся новыя выданні скарынаўскіх кніг, ведае Наталля Бардзілоўская.


Кнігі Францыска Скарыны сёння зноў пайшлі ў народ!
Нядаўна выдадзеныя ў рамках агульнанацыянальнага выдавецкага праекта па адраджэнні скарынаўскай спадчыны першыя пяць факсіміле-тамоў з запланаваных дваццаці - у руках прадстаўнікоў дыпламатычных місій тых краін, з якімі звязаны лёс і жыццё Францыска Скарыны.


Першымі чытачамі скарынаўскіх факсіміле стануць дыпламаты Германіі, Польшчы, Чэхіі, Італіі, Расіі, Украіны і Літвы. Біяграфію ж беларускага першадрукара з Полацка можна вывучаць па еўрапейскай геаграфіі: вучыўся ў Кракаве і Падуі, друкарню заснаваў у Празе, кнігавыданнем займаўся ў Кёнігсбергу.


Быцце, Зыход, Левіт, Лічбы і Другі Закон. Першыя тамы Скарыны папоўняць фонды бібліятэк Міншчыны. Увогуле тыраж факсіміле разлічаны і на большасць навучальных устаноў краіны. Выдавецкі праект становіцца магчымым дзякуючы прыватна-дзяржаўнаму партнёрству. Спонсарам адраджэння скарынаўскіх кніг стаў адзін з камерцыйных банкаў Беларусі.


Наступны пяцітомнік стваральнікі рыхтуюць да новага года.
Увогуле агульнанацыянальны праект, прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, фінішуе ў 2017-м. Акрамя факсіміле, у яго ўвойдуць электронныя копі-версіі кніг, якія па сённяшні дзень знаходзяцца ў бібліятэках Расіі, Украіны, Польшчы, Германіі.


У Нацыянальнай бібліятэцы захоўваецца з дзясятак скарынаўскіх арыгіналаў. На жаль, не самая багатая калекцыя, але і ў гэтым ёсць след апошянй вайны, падчас якой былі знішчаныя і вывезеныя шматлікія нацыянальныя рарытэты. Факсіміле, што ствараецца сёння, мае на мэце аб'яднаць ўсю, нават замежную скарынаўскую спадчыну.