Перспектывы развіцця беларускай культуры абмяркоўвалі ў Мінску

12 февраля 2013
Нацыянальная бібліятэка Беларусі стала месцам збору прадстаўнікоў культуры з усіх рэгіёнаў краіны. У адной зале для абмеркавання асноўных задач на бягучы год сабраліся прадстаўнікі як народных калектываў, так і нацыянальных дзяржаўных устаноў. На калегіі галіновага ведамства, апроч задач на будучыню, упершыню вынікі аб праведзенай рабоце прадставіў новы міністр. Прыняццем Дзяржаўнай праграмы па адраджэнні тэхналогій вырабу слуцкіх паясоў увайшоў у гісторыю нацыянальнай культуры дзве тысячы дванаццаты. Па даручэнні кіраўніка краіны навуковая і вытворчая эліта сучаснай Беларусі праводзіць работу па рэканструкцыі тканых шэдэўраў. 
У прыярытэце на дзве тысячы трынаццаты - распрацоўка кодэксу Аб культуры. Дакумент закране ўсе кірункі дзейнасці - ад аховы гісторыка-культурнай спадчыны да працы сельскіх дамоў культуры.
Гэты год стане завяршальным у дзяржпраграме па рэканструкцыі і мадэрнізацыі тэатраў краіны. Пасля некалькіх сезонаў на арандаваных плошчах у новы гістарычны будынак вярнулася трупа першай драматычнай сцэны Беларусі - Купалаўскага тэатра. Адноўлена радавое гняздо Радзівілаў - Нясвіжскі палац. Музейны комплекс за паўгода здолеў прыняць амаль паўмільёна наведвальнікаў і першым у краіне зарабіць паўтара мільёна долараў у эквіваленце.
Нясвіжскі палац - першы выкананы пункт дзяржаўнай праграмы Замкі Беларусі. У ёй - 38 аб'ектаў. Летась работы вяліся на 19. На іх рэстаўрацыю з рэспубліканскага бюджэту былі выдаткаваны амаль тры мільярды рублёў.
Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі складае пяць тысяч 555 аб'ектаў. Работа па павелічэнні колькасці матэрыяльных і нематэрыяльных каштоўнасцей працягваецца. Не выключана, што спіс папоўніцца краснасельскімі крэмніевымі шахтамі, якім пяць тысяч гадоў.