Выстава Рамана Заслонава адкрылася ў Мастацкім музеі

4 декабря 2015

Майстар, які разам з Шагалам і Суціным працягвае ўслаўляць беларускую мастацкую школу за мяжой, упершыню прывёз у Мінск свае работы. Персанальная выстава сусветнай знакамітасці Рамана Заслонава, унука Героя Савецкага Саюза Канстанціна Заслонава, адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі.

З вернісажа Наталля Бардзілоўская.

Жыццярадасныя, сонечныя фарбы - ад Блакітнага берага Францыі. Сюжэты-фэнтэзі з грацыёзнымі Каламбінамі - ад сюрэалістычнага Парыжа. Але аснова яго карцін - анатамічная дакладнасць выпісаных фігур і кананічны жывапіс - ад тутэйшай мінскай мастацкай школы. За еўрапейскай запатрабаванасцю і яркай індывідуальнасцю Рамана Заслонава стаяць гады юнацкіх урокаў у рэалістаў Мая Данцыга, Уладзіміра Ткачэнкі і Уладзіміра Сумарава.

У Беларусі скончыў мастацкую школу і акадэмію, атрымаў класічны почырк. Але яшчэ тады, студэнтам, шукаў уласны стыль. Першая сур'ёзная работа - на вокладцы папулярнага савецкага часопіса «Юность»: намаляваў сябровак па цэху. Потым закахаўся ў ірландцаў XVI стагоддзя - адтуль неарамантызм, да якога дадаў крыху сюрэалізма, тэатра і фэнтэзі. Канчаткова з уласнай манерай вызначыўся амаль у трыццацігадовым узросце, калі вывезеныя на міжнародны «Восеньскі салон» у Парыжы, яго работы ўзялі першую прэмію.

Ужо 20 гадоў як ён з сям'ёй жыве ў Францыі. Домік - за 60 кіламетраў ад Парыжа. Там і нараджаюцца шэдэўры. Другая майстэрня - у Мінску, дзе Заслонаў бывае некалькі разоў на год.

Праўда, на радзіме мастак маштабна выстаўляецца ўпершыню. Персанальная выстава ў Нацыянальным мастацкім - сумесны праект галоўнага музея краіны і пасольства Беларусі ў Францыі.

Унук легендарнага партызанскага камбрыга, ён і знешне, і ўпартасцю падобны да славутага дзеда. Зрэшты, прозвішча з дзяцінства абавязвала. З Канстанцінам Сяргеевічам Заслонавым Заслонаў-малодшы звярае кожны свой жыццёвы крок.

Дзед па прафесіі быў чыгуначнікам. Творчыя гены Раман Заслонаў узяў ад бацькоў - абодва мастакі. Партрэт матулі прадаўжальнік дынастыі не пісаў ніколі. Рысы жонкі-беларускі таксама не ўнёс ні ў адно палатно. Але ж павагу да прыгожага пола ўвасобіў канкрэтна, у цэнтры кожнага з сотняў палотнаў збіральны вобраз жанчыны-ідэалу: вытанчаная, лёгкая, што ўзнялася над паўсядзённасцю.

Сорак карцін на мінскую выставу з'язджаліся з усіх канцоў свету. Работы Заслонава - адны з самых купляемых у свеце. Іх шмат у галерэях і музеях Еўропы, Аўстраліі, Амерыкі. Зрэшты, сённяшняя экспазіцыя - не ўсё, што майстар мусіў паказаць. Працяг будзе. І не толькі ў сталіцы: Рамана Заслонава ўбачаць і іншыя беларускія гарады.



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя