Першая персанальная галерэя народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча адкрыецца на яго малой радзіме

10 октября 2018

Чатыры кабінеты былой Нарачанскай школы стануць важнай культурнай лакацыяй усёй краіны. Першая персанальная галерэя народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча адкрыецца заўтра на яго малой радзіме. Пастаянная экспазіцыя - падарунак да Дня работнікаў культуры. На плошчы 200 квадратных метраў - больш за сотню арыгінальных работ майстра жывапісу і графікі. У рэтраспектыўным спісе - знакаміты цыкл пра Хатынь, маляўнічыя краявіды Мядзельшчыны, афармленне кніг Купалы, Коласа і Талстога. Сёння з майстэрні транспартуюцца апошнія работы.

Акрамя карцін, прадугледжана інтэрактыўная пляцоўка, дзе кожны зробіць экскурс у творчасць мэтра. Ініцыятарам адкрыцця праекта стаў Мінаблвыканкам. Галерэя - своеасаблівы адпраўны пункт культурнай арт-прасторы Мядзельшчыны. У будучыні там прадэманструюць персанальныя экспазіцыі пра пісьменніка Максіма Танка і актрысу Марыю Захарэвіч.