Перакладзены на беларускую мову Новы Запавет прэзентавалі ў Мінску

15 ноября 2017

Святое пісанне на сучаснай беларускай мове. Сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прэзентавалі перакладзены Новы Запавет. Павіншаваць прадстаўнікоў праваслаўнай царквы прыйшлі і служыцелі іншых канфесій. Каб Святое пісанне загучала на нашай нацыянальнай мове, больш за 25 гадоў багасловы і філолагі, якія ўваходзяць у склад Біблейскай камісіі, перакладалі з мовы арыгінала - старажытнагрэчаскай. Пры складанні адаптаванага Евангелля эксперты аналізавалі і ўлічвалі больш раннія выданні, а таксама пераклады іншых краін. Выпуск новай кнігі падрыхтаваны Беларускай праваслаўнай царквой да 500-годдзя з дня выдання першай кнігі Бібліі Францыскам Скарынам. Сёння таксама адбылося ўзнагароджанне членаў Біблейскай камісіі.

Павел, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі: "Я лічу, што гэта сапраўды выдатная падзея, я б нават сказаў гістарычная падзея. Былі нейкія часткі перакладзены на беларускую мову, было перакладзена і Евангелле, але сёння гэта цэласны зборнік, кодэкс Святога пісання Новага Запавету: і Евангелле, і Апостальскія пасланні, і Апакаліпсіс, г.з. уся паўната сёння перакладзена, завершана гэтая шматгадовая праца".

Новы Запавет на сучаснай беларускай мове выпушчаны тыражом 6 тысяч экзэмпляраў. З іх 500 - падарункавыя, у скураным пераплёце з залатым абрэзам. Надрукаваны тыраж у праваслаўнай друкарні Беластока.