Пенсіянер з вёскі Фляр’янава аднаўляе маёнтак XIX стагоддзя

20 января 2018

Сядзіба сваімі рукамі. Пенсіянер з вёскі Фляр’янава выкупіў маёнтак XIX стагоддзя і аднаўляе кожны сантыметр без старонняй дапамогі. Генрыху Траццяку ўжо 83, і ўсё ж ён сам мяняе дзверы, вокны, рамантуе дах, даглядае дрэвы. Матэрыялы купляе на пенсію, увогуле, робіць усё, каб вярнуць былы бляск некалі знакамітаму двару. Мой калега Аляксей Волкаў адправіўся на экскурсію ў месца, якое літаральна дыхае гісторыяй.

Новае жыццё сядзіба ў Фляр’янаве здабыла шэсць гадоў назад. Тады Генрых Траццяк выкупіў закінуты маёнтак за адну базавую велічыню. Некалькі месяцаў на дакументы - і 83-гадовы Герой Сацыялістычнай Працы ўзяўся за рэканструкцыю сваімі рукамі і кашальком.

Плошча сядзібы - 650 квадратаў. У 1870 годзе яе пабудавала вядомая шляхецкая сям'я Бохвіцаў. З тых часоў маятнік гісторыі раскалыхаў лёс маёнтка да нябачаных хуткасцяў: панскі фальварак, станцыя абслугоўвання сельгастэхнікі, прытулак для пацярпелых ад вайны, дом ветэранаў і пад заслону Краіны Саветаў – праўленне калгаса імя Ламаносава. Якім як раз кіраваў Генрых Траццяк. Адгэтуль і юнацкая любоў да гэтага месца.

Маёнтак - прыватная ўласнасць і не ўваходзіць у рэестр гісторыка-культурнай спадчыны. Таму доўгі час Генрых Міхайлавіч быў адзін у сядзібе будаўнік - дапамогу сталі прапаноўваць арганізацыі і мясцовы райвыканкам.

Мікалай Дабрыянец, начальнік аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Ляхавіцкага райвыканкама: "Апошні час мы арганізавалі добраахвотніцкі рух, пасадку вакол сядзібы дрэў, хмызнякоў, падтрыманне тых векавых дрэў, якія там зараз ёсць. Прыбіраем, чысцім унутры, фарбуем усё саматугам".

Камін у гасцёўні - галоўны экспанат у доме. Ён не змяніўся з XIX стагоддзя. Астатнія славутасці рэстаўратар збіраў у суседніх вёсках і будынках. Нязменным застаўся і склеп, у якім пасля сыраварні размяшчаўся штаб грамадзянскай абароны. Ну а сустракаюць на ўваходзе ў фальварак партрэты першых уладальнікаў і гасцей. Сярод якіх і знакамітая пісьменніца Эліза Ажэшка. Легенды абвяшчаюць, што ў яе тут быў раман з Тадэвушам Бохвіцам эпісталярнага характару.

Генрых Траццяк, фальварковец Бохвіцаў: "Яна ў гэтым пакоі пісала лісты. Прыслужніца пераносіла сюды гэтыя лісты Тадэвушу. Гэта значыць яны абменьваліся лістамі з пакоя ў пакой. Але гэта ў іх было ў двукоссі такое цікавае каханне".

Андрэй Унучак, гісторык:

"Гэта сядзіба мае ўнікальнае значэнне. По-першае, там былі знакамітая людзі, па-другое, яна сама з такіх першых у стылі эклектыцы пабудава ў Беларусі. І, канечне, знакамітыя заснавальнікі, калі гаварыць пра Фларыяна Бохвіца, у гонар якога і названа. Ён таксама знакаміты чалавек. Які напісаў шэраг філасофскіх прац, якія актуальны і сёння".

Тэрыторыя вакол маёнтка - асобны пласт гісторыі і нават містыкі.

Дуб у 1908 годзе пасадзіла знакамітая пісьменніца Эліза Ажэшка. Мецэнатка вельмі любіла гэтыя месцы і лічыцца, што стогадовы волат зараджаны яе пазітыўнай энергетыкай. І дрэва гатова дзяліцца – дастаткова прыкласці руку.

Дарэчы, рэгістравацца як юрыдычная асоба, гаспадар не збіраецца. А значыць - сядзіба не для грошай, а для душы і гасцей.