Пан Тадэвуш асвойвае беларускую сцэну

15 января 2014

Несмяротную эпапею Адама Міцкевіча пакажуць ужо сёння ўвечар у Купалаўскім тэатры. Праект рыхтавалі амаль паўгода. Роўна столькі доўжыліся выматвальныя рэпетыцыі. Мова арыгінала польская. За аснову сцэнічнага эпасу ўзялі хрэстаматыйны пераклад на беларускую Язэпа Семяжона. У спектаклі задзейнічана амаль уся мужчынская палова трупы. Гэта амаль 30 чалавек. А жаночых роляў усяго дзве, затое якія. Гераіні яшчэ і заспяваюць. Беларускія народныя. Лібрэта да пастаноўкі напісаў кампазітар Андрэй Зубрыч.


Маштабнаму праекту - грандыёзныя дэкарацыі - спецыяльна для спектакля пабудавалі арку ў стылі ампір. Дарэчы, на сцэну выйдзе і сам добры геній Адам Міцкевіч. Даваць прэм'еру будуць тры дні запар. А вось білетаў на паказы ўжо няма. У касах горада яны з'явяцца толькі ў сакавіку.