Памятнае мерапрыемства да 215-годдзя з дня нараджэння Ігната Дамейкі адбылося ў МЗС Беларусі

31 июля 2017

Памятнае мерапрыемства, прысвечанае 215-годдзю з дня нараджэння выбітнага навукоўца беларускага паходжання Ігната Дамейкі, адбылося сёння ў МЗС Беларусі.

Тут адкрылася выстава фатаграфій, архіўных дакументаў, а таксама друкаваных выданняў аб жыцці і прафесійнай дзейнасці нашага земляка. Акрамя таго, была прэзентавана перакладзеная на беларускую мову кніга праўнучкі навукоўца Пас Дамейкі "Ігнацы Дамейка: жыццё ў эміграцыі".

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі:

"Ігнат Дамейка выдатны вучоны, праславіў беларускую зямлю сваім талентам, адданасцю навуцы і надзвычай шырокім спектрам сваіх навуковых інтарэсаў і дасягненняў.

Ігнат Дамейка ніколі не забываў пра сваю малую радзіму. Дзякуючы такім адметным асобам, як Ігнат Дамейка, сёння Беларусь вядома ва ўсіх кутках нашай планеты як краіна, здольная ўносіць свой пачэсны ўклад у развіццё сусветнай цывілізацыі, навукі і культуры".

Ігнат Дамейка займаўся мінералагічнымі даследаваннямі, вывучаў абарыгенаў Паўднёвай Амерыкі, арганізаваў метэаралагічную службу ў Сант'яга-дэ-Чылі. Ён правёў шэсць экспедыцый у Анды і Кардыльеры, дзе былі адкрыты радовішчы серабра, медзі, золата, каменнага вугалю, вядомай ва ўсім свеце чылійскай салетры. А яшчэ склаў геаграфічную, геалагічную і эканамічную карту былых зямель Рэчы Паспалітай.