Памяць Якуба Коласа ўшанавалі на Ваенных могілках Мінска

12 августа 2016

Памяць народнага песняра Беларусі Якуба Коласа сёння ўшанавалі на Ваенных могілках Мінска.

Напярэдадні жалобнай даты - 60-годдзя з дня смерці класіка - прайшоў мітынг-рэквіем. Працэсію ўзначаліў сын пісьменніка. Пакланіцца магіле Коласа і ўскласці кветкі прыйшлі члены яго сям'і, літаратары, грамадскія дзеячы, мастакі і навукоўцы. Дарэчы, пахаванне знаходзіцца ў блізкім суседстве з месцам памінання яшчэ аднаго народнага паэта і паплечніка Коласа - Янкі Купалы. І сёння не абышлося без паэзіі: эпіграфам сустрэчы сталі коласаўскія радкі.

У дзень смерці народнага паэта - 13 жніўня - у доме-музеі, дзе класік жыў апошнія гады, упершыню шырокай публіцы пакажуць пасмяротную маску і бюст Якуба Коласа. Працы Заіра Азгура.