Піліпка ўзяў Гран-пры кінафестывалю ў Маскве

18 ноября 2013

Вялікія поспехі маленькай анімацыі. Беларускі мультфільм Піліпка ўзяў Гран-пры Дзясятага міжнароднага дабрачыннага кінафестывалю ў Маскве


Са стваральнікамі анімацыйнага фільма сустрэлася Наталля Бардзілоўская.


Класічную гісторыю з пакараннем Бабы Ягі стваральнікі Піліпкі замянілі на хэпі-энд: старая дабрэе і нават сябруе з галоўным героем. Ён у мультказцы таксама нязвыклы.


Перамогу беларускай казцы прынесла яе мараль. Добрае кіно вяртаецца - дэвіз маскоўскага форуму Прамяністы анёл.Фестываль, што праводзіцца пад патранажам Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, - за сямейнае кіно і духоўнасць у фільмах для юных. Наш мультык абагнаў 25 канкурэнтаў з адзінаццаці краін.


Перамога ў Маскве - не першая для мультфільма. Нацыянальнай кінастудыі Беларусьфільм Піліпка ўжо прынёс шэраг высокіх ацэнак на міжнародных кінафестывалях у Германіі, Балгарыі, Чэхіі, у Злучаных Штатах Амерыкі… Напрыканцы гэтага года мультфільм едзе ў Індыю!


Паў-Еўропы і Новы Свет дзякуючы Піліпку пачулі беларускую мову. Зрабіць мультык зразумелым без перакладу дзясятцы прафесійных аніматараў дапамагалі пазаштатныя маленькія кансультанты.


Сем хвілін пра Піліпку стваралі сем месяцаў. Вось яны, эскізы - усяго за тысячу папер, што ажылі дзякуючы камп'ютарнай апрацоўцы.


Барыс Рабцэвіч, камп'ютарны аніматар мультыплікацыйнага фільма Піліпка: Арганізоўваў працу, аніматары прыносілі сцэны, усё трэба было сабраць разам. Пасля аніматараў прыходзілася даводзіць карцінку, эфекты такія, як стварэнне вады, пырскі. Прыходзілася збіраць усе сцэны ў мантажнай лінейцы і выводзіць канчатковы вынік у такім выглядзе, як ён ёсць.


Акрамя Піліпкі, узнагароды з фестываляў Беларусьфільму прывезлі яшчэ дзесяць мультыкаў: Прыгоды Несцеркі, Аповесць мінулых гадоў, цыкл Казкі старога піяніна. На наступны год аніматары Беларусьфільма запускаюць 14 новых праектаў.