Возера пад Смалявічамі стала Угрум-ракой. На натурпляцоўцы "Беларусьфільма" ідуць здымкі

22 Жніўня 2019

Нечаканыя перамены часцяком перажываюць беларускія краявіды, усё часцей ператвараючыся ў здымачныя павільёны для замежных кінастужак. Так, возера пад Смалявічамі стала Угрум-ракой. На натурпляцоўцы "Беларусьфільма" ідуць здымкі класікі ў сучаснай інтэрпрэтацыі. Здымачная група АТН першай пабывала на пляцоўцы. Рэпартаж Лідзіі Заблоцкай. 

Яшчэ паўтара месяца таму гэты ўчастак натурпляцоўкі "Беларусьфільма" быў пустым. Зараз тут - летняя Сібір XIX стагоддзя. Спецыяльна да здымак фільма "Угрум-рака" ўзвялі баракі, дамбу і нават прыстань. Усё максімальна натуральна.

Ператварыць возера Каменка ва Угрум-раку - ідэя расійскага боку. Натурная пляцоўка стала адной з сямі асноўных лакацый меладрамы. Аўтэнтычныя дэкарацыі будавалі 15 майстроў "Беларусьфільма". 

На здымачнай пляцоўцы ўсяго адзін аб'ектыў і беларуска-расійская каманда з двух дзясяткаў чалавек. Каманду "Пачалі!" тут чуюць на працягу 16 гадзін. 

Не рэмейк, а класіка ў сучасным прачытанні ад рэжысёра "Братоў Карамазавых" і "Каменскай". Паўтору кінастужкі 1968 года не будзе. Гісторыю засваення Сібіры распавядуць у 16 серыях з нечаканымі сюжэтнымі лініямі. 

У Мінску засвеціцца і зорны склад стужкі - убачым Аляксандра Балуева і Юлію Перасільд. Галоўную ролю Прохара Громава выканае Аляксандр Гарбатаў - ён жа Мсціслаўскі ў "Гадунове" і Астахаў у новым "Ціхім Доне". 

Акрамя Смалявуда ў кадры - Музей народнай архітэктуры і побыту, набярэжная Бярэзіны і Іслачы і Лошыцкі парк Мінска. Паўторны кінарэйд па гэтых аб'ектах група здзейсніць у снежні. 

Фінальны этап "Угрум-ракі" - постпрадакшэн - запланаваны на восень 2020. Задзейнічаюць тэхнічныя магчымасці кінастудыі "Масфільм". І ўжо праз два гады сібірыяда ў беларускіх краявідах з'явіцца і на вашых экранах.