"Курган", "Адвечная песня", "Бандароўна" не ў словах, а ў графіцы. "Водгукі песень" Янкі Купалы ў гравюрах народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча на экспазіцыі ў Літаратурным музеі пясняра. 17 графічных ілюстрацый да твораў Купалы папоўнілі фонды ў 2019 годзе. Усяго ж у зборы больш за сто работ Шаранговіча. Дарэчы, у сваіх графічных адлюстраваннях майстар некаторым героям даў вобраз свайго бацькі. Напрыклад, ён адзін з галоўных персанажаў літаграфіі да верша "А хто там ідзе...".
Наталля Шаранговіч, першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў: "Калі мы паглядзім на работы Васіля Шаранговіча, каторыя былі зроблены ў канцы 90-х гадоў (гэта адны з апошніх яго работ), мы бачым, што ён прыўносіў у гэтыя работы сучасную графічную манеру. Па-першае, гэта не друкаваная графіка, гэта графіка аўтарская, гэта гуаш, гэта змяшаная тэхніка, гэта аловак. Мы бачым, што гэтыя работы маюць нейкі росчырк няскончанасці, трошкі эскізнасці, але гэта наўмысна было зроблена мастаком".
Майстар станковай і кніжнай графікі за больш чым пяцьдзясят гадоў творчасці праілюстраваў звыш сямідзесяці кніг Коласа, Міцкевіча, Купалы, Бядулі, Караткевіча і іншых выбітных беларускіх аўтараў.
"Водгукі песень" Янкі Купалы ў графіцы Шаранговіча
11 августа 2020













