Адкрыццё сезона ў тэатры імя Якуба Коласа

18 сентября 2014

Акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа пачынае новы сезон. 89-ы, ён павінен стаць сезонам гучных бенефісаў і творчых эксперыментаў. Па запрашэнні мастацкага кіраўніка тэатра Валерыя Анісенкі ў Віцебск прыедуць лепшыя рэжысёры Беларусі і Расіі. Пра што будуць гаварыць са сцэны ў новым сезоне, ведае Вольга Маслоўская.


Сезон новы, але пачатак традыцыйны. Легендарны Несцерка з'явіўся ў рэпертуары коласаўскага тэатра 73 гады таму і стаў візітоўкай віцебскай сцэны. З яго і пачынаюць. Тэатральная восень багатая на бенефісы. 65-годдзе святкуе Пятро Ламан. Другі юбілей - і зноў зорка. Народны артыст Беларусі Тадэвуш Кокштыс рэпеціруе галоўную ролю ў пастаноўцы Бездань паводле Рэя Брэдберы. Выпускнік Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, ён аддаў віцебскай сцэне ўсё жыццё.


Тадэвуш Кокштыс, народны артыст Беларусі:Мне здаецца, я спатрэбіўся не толькі майму тэатру, але і майму гледачу. Не толькі віцебскаму, але і ўсёй маёй краіны.


У тэатра, як заўжды, шмат планаў. Ужо адправілі заяўкі на ўдзел у некалькіх фестывалях - Славянскі вянец у Маскве, Варнянскае лета ў Балгарыі, фестываль шэкспіраўскага тэатра ў Гданьску. Гэта выдатная магчымасць сябе паказаць і да сябе запрасіць.


Тэатр імя Якуба Коласа - адзіны нацыянальны калектыў у Беларусі, які працуе ў абласным цэнтры. Але цікаўнасць да віцебскай трупы выказваюць не толькі беларускія, але і вядомыя замежныя рэжысёры. У мінулым сезоне тут працавалі пастаноўшчыкі з Расіі і Балгарыі. Сёлета творчыя эксперыменты працягнуцца.


Мальера на коласаўскай сцэне будзе ставіць заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Аляксандр Міхайлаў. Дарэчы, з кіраўніком арлоўскага тэатра ёсць дамоўленасць пра абменныя гастролі.


Валерый Анісенка, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра: Адна з галоўных маіх задач як кіраўніка - як мага больш задзейнічаць артыстаў, якія гадамі не атрымліваюць галоўныя ролі. Я сачу за гэтым, каб яны былі ў рабоце.


Наперадзе два гады, але тэатр ужо пачынае рыхтавацца да 90-годдзя. Намер паставіць п'есу пра віцебскага князя Альгерда і сыграць гэты спектакль на беразе Заходняй Дзвіны.