Пачаўся набор на падрыхтоўку рэжысёраў

8 июля 2014

Пасля 5-гадовага перапынку зноў пачаўся набор на падрыхтоўку рэжысёраў дакументальнага кіно. На гэтую і шэраг іншых творчых спецыяльнасцяў запрашае Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў. У абітурыентаў яшчэ ёсць час для прыняцця рашэння - дакументы можна падаць да 12 ліпеня. А пакуль на самым маладым факультэце экранных мастацтваў - перыяд залікаў і іспытаў. Іна Пілевіч зазірнула на пары.


Тут учыняюць істэрыкі падчас лекцыі! А аднагрупнікам раздаюць аплявухі. І за такія паводзіны нікога не выключаць, а наадварот, паставяць здавальняючую адзнаку. Студэнты кафедры рэжысуры і тэлебачання Акадэміі мастацтваў выконваюць вучэбнае заданне - іграюць сцэну з амерыканскага трылера Падмена. Спрабуюць зняць не горш за рэжысёра Клінта Іствуда і сыграць на ўзроўні актрысы Анджэліны Джалі.


Дзеля праўдападобнасці ў кадры аплявухі трывае пераможца Еўрабачання-2007 Аляксей Жыгалковіч. 18-гадовы артыст змяніў кар'еру спевака на рэжысёрскую, заканчвае першы курс на факультэце экранных мастацтваў.


Практыка як аснова адукацыі. Вучэбныя работы студэнтаў нават канкурыруюць на міжнародным кінарынку. Напрыклад, фільм першакурсніка Ягора Бякава ўзяў Гран-пры на фестывалі ў Тэгеране. А ў выпускнікоў факультэта экранных мастацтваў узнагароды больш сур'ёзныя - Тэлевяршыні, спецпрэміі Прэзідэнта Беларусі. З гэтай нагоды конкурс на рэжысуру немалы: летась быў каля 5 чалавек на месца.


Атрымліваць прафесійны вопыт студэнты факультэта экранных мастацтваў могуць у лідараў айчыннай тэле- і кінавытворчасці. Акадэмія мастацтваў склала дамовы з кінастудыяй Беларусьфільм, Інстытутам журналістыкі і Белтэлерадыёкампаніяй. У выпадку паспяховай стажыроўкі ў многіх маладых спецыялістаў ёсць магчымасць працягнуць супрацоўніцтва на кантрактнай аснове.


Факультэт экранных мастацтваў - самы малады ў навучальнай установе. Тут усяго 5 гадоў рыхтуюць рэжысёраў, гукарэжысёраў, аператараў, мастацтвазнаўцаў і менеджараў. Выпускаюць усе спецыяльнасці для сферы кіно і тэлебачання нароўні з Усерасійскім дзяржаўным інстытутам кінематаграфіі. Тут выкладаюць не толькі навукоўцы-тэарэтыкі, але і практыкі экраннай творчасці. Студэнты атрымліваюць вопыт у рэжысёраў Рэнаты Грыцковай, Маргарыты Касымавай, Сяргея Кацьера.


Сяргей Кацьер, мастацкі кіраўнік курсу рэжысёраў тэлебачання завочнай формы навучання, рэжысёр, прадзюсар:


Я адразу гавару студэнтам, што я буду выкладаць аўтарскае тэлебачанне. Таму што я ў свой час быў і вядучым, і аўтарам, і рэжысёрам. Сёння я яшчэ і прадзюсар. Асвоіўшы ўсе гэтыя прадметы, я зразумеў, што на ТБ, як у кіно, як у мастацтве, усё вызначае аўтар, асоба.


Абавязковыя выпрабаванні для паступлення на факультэт экранных мастацтваў - цэнтралізаванае тэсціраванне па гісторыі Беларусі і рускай або беларускай мове. Затым абітурыентаў чакаюць творчыя іспыты. Напрыклад, на спецыяльнасць кінатэлеаператарства навучэнцаў набіраюць па выніках відэаздымкі ў павільёне. Пачатак творчых выпрабаванняў ужо 13 ліпеня.