Адкрыўся Мінскі міжнародны кінафэст "Лістапад"

3 ноября 2017

Кінавосень афіцыйна пачалася ў Мінску. Пару гадзін таму адкрыўся Мінскі міжнародны кінафэст "Лістапад". Цырымонія прайшла ў сталічным кінатэатры "Масква". Апошнія некалькі гадоў менавіта там ушаноўваюць кінабамонд. Свае фільмы на суд журы і гледачоў прывезлі рэжысёры з 55 краін свету. Усяго 164 кінастужкі пакажуць беларускім кінаманам. Самыя яркія моманты цырымоніі ў Ніны Мажэйкі.

З дэфіле па чырвонай дарожцы ўжо не адзін год пачынаецца афіцыйная цырымонія адкрыцця фэсту. Тут няма строгага дрэс-кода - усё даволі дэмакратычна, як і ў кіно. Няма зададзенай тэмы, ёсць прапанаваныя акалічнасці. Цырымонія без помпы. Залішняя вычварнасць толькі перашкаджае бачыць людзей - гэты закон працуе і ў натоўпе зорак. Ніякага дывановага пакрыцця ў класічным разуменні - чырвонай дарожку робіць спецыяльнае падсвятленне.

Апошнім на чырвоны п'едэстал кінатэатра "Масква" выйшаў масквіч. Не карэнны. Аскараносны Уладзімір Мяньшоў - ганаровы госць мінскай кінавосені. Рэжысёр прабіраўся скрозь натоўп журналістаў і адначасна раздаваў аўтографы.

Гэта той самы беспрэцэдэнтны выпадак, калі талерка кінафэсту "Лістапад" яшчэ цэлая, яшчэ не разабралі па кавалачках. Зусім хутка - літаральна праз гадзіну - талерка разляціцца аб штатыў і адкрые 24-ы Мінскі міжнародны кінафэст "Лістапад".

Рэжысёр народнай сагі "Масква слязам не верыць", "Каханне і галубы", "Шырлі-Мырлі" атрымаў спецыяльны прыз Прэзідэнта Беларусі "За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве" з рук намесніка прэм'ер-міністра Васіля Жарко. Па выпадку Мяньшову паставілі рэжысёрскае крэсла прама на сцэне. Яшчэ адна кіношная традыцыя - разбіць талерку аб штатыў. Фарфор не выстаяў з першай спробы: талерка разбілася.

Аднавіць пульс пасля хвалюючай кульмінацыі адкрыцця гледачам не атрымалася. Фільм адкрыцця "Арытмія". Сардэчны кінапрыступ ад расійскага рэжысёра Барыса Хлебнікава. Карціна ўжо атрымала прызнанне прафесійнага журы і гледачоў. Канцэптуальны "Лістапад" бурыць стэрэатыпы, і кіно "не для ўсіх" у Мінску становіцца зразумелым кожнаму.