Адкрылі абноўлены музей Максіма Багдановіча

9 декабря 2016

Сёння Беларусь адзначае 125 гадоў з дня нараджэння класіка нацыянальнай літаратуры Максіма Багдановіча. Па ўсёй краіне  разгарнуліся ўрачыстыя мерапрыемствы і святочныя акцыі. Беларусы і госці  ўспаміналі паэта, чыталі яго вершы, прыходзілі да  помнікаў  выказаць захапленне і ўшанаваць памяць. Віншаванні  ўдзельнікам урачыстасцяў  накіраваў  Прэзідэнт Беларусі  Аляксандр Лукашэнка.

Цэнтрам юбілейных урачыстасцяў сёння стала сталіца: горад, у якім Максім Багдановіч нарадзіўся. Раніцай у крыпце храма-помніка ў імя  Усіх святых прайшла цырымонія "Вяртанне". У адну з ніш  нацыянальнага пантэона змясцілі сасуд з зямлёй з магілы Багдановіча. Духоўныя асобы спецыяльна ездзілі ў Ялту, дзе пахаваны класік. 

Тонкі лірык, вытанчаны рамантык. Паэтычныя прысвячэнні жанчынам і ў наш час з'яўляюцца вяршыняй беларускай лірычнай паэзіі. Пры гэтым  паэту было  крыху больш за 20.  Сёння ж вершы Багдановіча  прысвячалі  самому Максіму. Каля помніка класіку  на плошчы Парыжскай камуны,   каля Вялікага тэатра Беларусі, прайшла літаратурная акцыя "Расцём разам з Максімам". На працягу некалькіх гадзін паэзію Багдановіча чыталі сотні людзей.

Пасля завяршэння паэтычнай акцыі ля манумента Максіма Багдановіча адбыўся  мітынг "Пакланіся Максіму".  Разам з удзельнікамі ўсенароднай акцыі да помніка былі ўскладзены кветкі і ад Кіраўніка дзяржавы.

Сёння  ў Мінску да юбілейнай даты пасля некалькіх гадоў аднаўленчых работ адкрыўся музей Максіма Багдановіча. Наведвальнікам прапанавана абноўленая экспазіцыя  з гістарычнымі дакументамі і найноўшымі мультымедыйнымі тэхналогіямі.