Адкрылася шведска-беларуская выстава “Сам-насам з кліматам”

12 октября 2016

У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Беларусі, што на праспекце Незалежнасці, адкрылася шведска-беларуская выстава “Сам-насам з кліматам”. Праект прысвечаны экалагічным праблемам на Зямлі. Ён пачаў сваю працу 5 гадоў таму і ахапіў цэлы шэраг краін, у тым ліку Беларусь, Швецыю, Грэцыю, Паўднёвую Афрыку. Вынікам такога праекта стала гэтая выстава і альбом, які аб'яднаў мастацкія і дыскусійныя разважанні прафесіяналаў розных краінаў свету. У альбом трапілі таксама і працы шасці беларускіх мастакоў.

Ія Малкіна, першы намеснік Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі: "Беларускія мастакі з'яўляюцца тымі ўдзельнікамі, якія ўвайшлі ў знакавы альбом, створаны шведскім пасольствам, прысвечаны зменам клімату. Вельмі важна, каб новае пакаленне не ўспрымала гэта як трагедыю, а ўспрымала як урок, як наказ на будучыню. Мы павінны беражліва ставіцца да таго, што нам далі, і несці гэта як пасудзіну, якая можа разбіцца ў любую хвіліну".

Выстава складаецца з дзвюх частак, уключае творы мясцовых мастакоў і шведскіх карыкатурыстаў. Экспазіцыя злучае класічны жанр карыкатуры з актуальнымі практыкамі і рознымі медыя сучаснага мастацтва, такімі, як інсталяцыя, фатаграфія, калаж.