Арганізатары "Славянскага базару ў Віцебску" раскрылі некаторыя сакрэты форуму

14 марта 2019

28-ы "Славянскі базар у Віцебску" рыхтуецца да музычнага лета. Сёння журналістам дырэктар фэсту Глеб Лапіцкі і міністр культуры Юрый Бондар раскрылі некаторыя сакрэты форуму. На адкрыцці галоўнай тэмай стане Год малой радзімы. Сярод навінак віцебскай афішы - джазавыя вечары, "Рэвізор" ад Купалаўскага тэатра, КВЗ-канцэрт і фэсты аўтагуку і кавербэндаў. Акцэнт зробяць на моладзевую аўдыторыю. Замест традыцыйнага Дня моладзі - пяцідзённы фэставы open-air. Паслухаць хіты "БезБілета", J:МОРС, NAVIBAND і Цімы Беларускіх на плошчы Перамогі можна будзе бясплатна. 

Юрый Бондар, міністр культуры Беларусі: "Мы пастараліся такім чынам мадэрнізаваць сёлета праграму фэсту ў Віцебску, каб кожнай беларускай зорцы было сваё месца: і на сцэне амфітэатра, і на сцэне канцэртнай залы "Віцебск", і ў рамках тых моладзевых акцый, якія мы правядзём на плошчы Перамогі, дзе выступяць як раз-такі лідары, моладзевыя групы, і даволі вядомы Ціма Беларускіх таксама будзе там, таму што гэта падабаецца сёння моладзі". 

Глеб Лапіцкі, дырэктар Міжнароднага фэсту мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску":  "Калі гавораць аб хэдлайнерах, хэдлайнер у кожнага свой. У нас з вамі адзін, у кагосьці другі. Але да нас прыязджае двухразовы ўладальнік "Грэмі" ў склад дарослага журы. І ўпершыню ў нас будуць ЗША прадстаўленыя як эксперты і члены журы. Дзіцячае журы ў нас узначаліць папулярны спявак з Швецыі Босан. Да нас прыязджае група Ace Off Base, у нас вельмі вялікі міжнародны праект з італьянцамі. Мы вельмі зацікаўленыя ў сусветным рынку, і гэты рынак ствараецца на "Славянскім базары".

Сярэдні кошт білета на канцэрты фэсту - ад 20 да 50 рублёў. Вядомы і старшыня журы конкурсу маладых выканаўцаў - гэта народная артыстка Расіі і Грузіі Тамара Гверцытэлі. Нагадаем, "Славянскі базар - 2019" пройдзе з 8 па 17 ліпеня.