Арганістка Ксенія Пагарэлая ўдастоена звання заслужанай артысткі Беларусі

14 марта 2019

Яна выступала ў Нотр-Дам дэ Пары, але самая любімая публіка і інструмент - у полацкай Сафіі.

Арганістка Ксенія Пагарэлая ўдастоена звання заслужанай артысткі Беларусі. У старажытны горад выпускніца Маскоўскай кансерваторыі прыехала больш як 30 гадоў таму. За гэты час імя Ксеніі Пагарэлай стала брэндам Полацка, а яе творчасць - часткай культурнага жыцця краіны.

Менавіта Ксеніі Пагарэлай належыць ідэя правядзення ў Сафійскім саборы фестывалю арганнай музыкі. За 23 гады - менавіта столькі ўжо існуе праект - у Полацку выступілі артысты з 25 краін. 

Алена Мартынава, загадчык аддзела Нацыянальнага полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка: “Рэпертуар яе бязмежны - на любы густ, запыт - пачынаючы ад музыкі 16 стагоддзя, “Полацкага сшытка” і шмат сучаснай беларускай музыкі, якую яна папулярызуе ў тым ліку і за мяжой”.

Ксенія Пагарэлая, заслужаная артыстка Беларусі: “Я лічу, што мне вельмі пашанцавала, што ёсць такі інструмент, дзе я магу займацца, дзе можна праводзіць фестываль. Кожную нядзелю ў нас канцэрт”.

Ксенія Пагарэлая прапагандуе любоў да класічнай музыкі. У канцэртнай зале Сафійскага сабора праходзяць музейна-педагагічныя  заняткі для самых маленькіх слухачоў, падчас якіх школьнікі знаёмяцца з каралём інструментаў.