Операй "Кармен" 82 гады таму дэбютаваў Вялікі тэатр Беларусі

12 июня 2015

Спектакль "Кармен" быў настолькі папулярны, што яго паказвалі ледзь ці не кожны вечар. Сёння галоўныя акадэмічныя падмосткі краіны рыхтуюць новую сцэнічную версію оперы. Публіка ацэніць абноўленую пастаноўку ўжо ў гэту нядзелю. З генздачы фінальнай прэм'еры тэатральнага сезона - рэпартаж Іны Пілевіч.

Оперныя салісты танцуюць фламенка. Дзеля прэм’еры спектакля "Кармен" вакалісты Вялікага тэатра Беларусі асвоілі севільяну – харэаграфічны жанр родам з аднайменнага горада Іспаніі. Найцяжэй на сцэне салісткам. Абавязаны не заблытацца ў падоле сукенкі, рухацца палка і вытанчана.

Тканіна ў гарошак, фальбоны, валаны і крой наўскасяк. Як узор – лекала традыцыйнага іспанскага касцюма. Оперных персанажаў апраналі ў максімальнай адпаведнасці з месцам і эпохай. Паводле навелы Мерымэ, падзеі разгортваюцца ў Іспаніі першай паловы XIX стагоддзя. Касцюмеры пабойваліся, што некаторыя артысты за час падрыхтоўкі да прэм’еры вырастуць са сваіх штаноў – у спектаклі задзейнічаны вучні дзіцячай студыі тэатра.

Работніцы фабрыкі, кантрабандысты, салдаты, тарэадоры, пікадоры, цыганы – усяго ў спектаклі "Кармен" сотня персанажаў. Для іх у швейных цэхах Вялікага тэатра Беларусі стварылі 270 касцюмаў. Толькі галоўная гераіня за пастаноўку зменіць 4 уборы.

Над беларускай прэм’ерай працавала фінка. Для мастака-пастаноўшчыка Ганны Контэк гэта ўжо другі спектакль у Мінску і трэцяя “Кармен” у кар’еры. Распрацавала адразу 4 дэкарацыйныя змены. За некалькі секунд сцэна становіцца іспанскай вуліцай, затым карчмой, пасля горным ландшафтам і на фінал арэнай для карыды.

"Кармен" – адна з самых папулярных пастановак сучаснасці, арыі з Хасэ сталі гімнам кахання. Хаця першая прэм’ера оперы Жоржа Бізэ прайшла ў Парыжы з правалам. Пасля краху музыку адрэдагаваў сябра кампазітара Гіро. У яго рэдакцыі на нашай сцэне раней і ішла опера. На гэты раз пастаноўшчыкі паказваюць задумку аўтара Бізэ. Сюжэт класікі нязменны. Палкая цыганка разбівае мужчынскія сэрцы і супрацьстаіць нормам маралі. Рэжысёр Галіна Галкоўская трансфармавала кананічныя чатыры дзеі спектакля ў тры. І ўсё адно "Кармен" – самы доўгі пасля "Турандот" спектакль у рэпертуары. Больш за тры гадзіны.

Новая версія опернага хіта – восьмая для нашай сцэны. Першая айчынная "Кармен" - легендарная Ларыса Александроўская - спявала па-беларуску. Сучасніцы ж авалодалі класікай з французскім пранонсам - на мове арыгінала оперы. Над вымаўленнем вакалісткі не адзін месяц працавалі з рэпетытарам. Партыя іспанскай цыганкі для салістак як дэманстрацыя вакальнай формы і прэтэнзія на статус новай прымы.