Опера "Царская нявеста" вяртаецца на сцэну абноўленай

24 марта 2015

Пасляваенная гісторыя Вялікага тэатра Беларусі пачыналася з гэтага спектакля. Опера "Царская нявеста" радавала нашу публіку больш за 60 гадоў і вось зараз вяртаецца абноўленай. Сёння прайшла генеральная рэпетыцыя, а ўжо заўтра на беларускай сцэне - прэм'ера.

Прыдворныя інтрыгі эпохі Івана Грознага ўбачыла і Іна Пілевіч. Царскія палаты, вулачкі Аляксандраўскай слабады, манастырскія пакоі 16 стагоддзя. Адно месца дзеяння цалкам змяняе другое ўсяго за некалькі імгненняў. Усё дзякуючы паваротнаму колу, якое спецыяльна да прэм'еры "Царскай нявесты" задзейнічалі на падмостках Вялікага тэатра Беларусі.

Хуткасць руху дэкарацыі залежыць ад пэўнага эпізоду і музыкі. Усе параметры працы канструкцыі прапісаны рэжысёрам па секундах. Сцэнічныя ўбранні выкананы па заказе ў Маскве. Мастакі імкнуліся да рэалістычнасці - у гістарычных кнігах вывучалі інтэр'еры Русі эпохі Івана Грознага. Дэкарацыі выкананы з прыродных матэрыялаў, што добра ўплывае на акустыку.

Доўгія бароды і косы да пояса - абавязковыя атрыбуты вонкавага выгляду артыстаў. 90 выканаўцаў за спектакль змяняюць 3 з паловай сотні стылізаваных касцюмаў. Увасабляюць персанажаў 16 стагоддзя - купцоў, апрычнікаў, ключнікаў, вершнікаў. Галоўны рэжысёр Вялікага тэатра Міхаіл Панджавідзэ ўлічыў гістарычныя асаблівасці таго часу і хранікальнасць бытавых падзей.

Супрацьстаянне сапрана і мецца-сапрана. Галоўныя ролі ў "Царскай нявесце" аддадзены жаночым галасам - выканаўцам партый Марфы і Любашы. Опера Рымскага-Корсакава заснавана на рэальных падзеях. Наваспечаную жонку Івана Грознага Марфу чакае няпростае выпрабаванне ў царскіх палатах і нядоўгі лёс.

Пасля прэм'ернага паказу оперу пакажуць спецыяльна для Тамары Ніжнікавай. Прыме спаўняецца 90. Народная артыстка СССР на працягу дзясяткаў сезонаў увасабляла царскую нявесту на беларускай сцэне.