Опера "Лятучы галандзец" Вагнера зноў у Беларусі

15 октября 2015

Оперны эксклюзіў у Вялікім: "Лятучы галандзец" Вагнера зноў у Беларусі. Знакамітая рамантычная опера ў пастаноўцы нямецкага рэжысёра Ханса Фрая набыла новае жыццё. На мову арыгінала (нямецкую) нацыянальная трупа перайшла даволі не проста. Таму да ўдзелу ў пастаноўцы прыцягнулі і заходніх выканаўцаў. Сцэна тэатра ператварылася ў пірацкі карабель-прывід. Усе падрабязнасці ў Дар'і Тарасавай.

Вялікі тэатр Беларусі працягвае ангажыраваць зорак нямецкай оперы. У гэтым сезоне выхадзец Штутгарта, вядомы нямецкі бас Крысціян Чэлебіеў выканае партыю Даланда ў оперы "Лятучы галандзец".

Нізкім галасавым дыяпазонам артыст заваяваў сцэны Барселоны, Гановера, Лейпцыга і Катаніі. У аснову оперы легла гісторыя галандца, асуджанага на вечныя блуканні. Легенда пра вандроўніка - суровыя нарвежскія фіёрды і аповеды маракоў. У народным паданні Вагнер убачыў іншы, драматычны сэнс. Сёння, праз 172 гады, "Лятучы" зноў падніме свае паруса. Над стварэннем спектакля працавала нямецка-аўстрыйская рэжысёрская група. Пастаноўка выканана ў класічнай інтэрпрэтацыі, якая не скажае сюжэт. Не адзін месяц майстры патрацілі на стварэнне арыгінальнай сцэнаграфіі, асвятлення і дэкарацый. Таксама ў адпаведнасці з эпохай былі распрацаваны касцюмы.

Крысціян Чэлебіеў, спявак, Германія: "Ужо трэці раз у Мінску, трэці раз маю гонар выступаць у тэатры. Я зачараваны вашым горадам, першы раз я быў здзіўлены сваімі ўражаннямі. Магу сказаць, што мне тут вельмі падабаецца. Наогул я адношу сябе да фанатаў Рычарда Вагнера, тым больш "Лятучы галандзец" адносіцца да галоўных яго твораў, гэта опера ў італьянскім стылі і ўдзел у ёй заўсёды дастаўляе задавальненне".

"Галандзец" - оперны эксклюзіў для Беларусі, паколькі ён з'яўляецца першай і пакуль адзінай пастаноўкай на мове арыгінала ў нашай краіне. Опера спалучае народна-бытавыя сцэны з фантастычнымі, а асноўную яе ідэю перадае ўверцюра.

Пастаноўка "Лятучага" - нацыянальны ўнёсак у музычную спадчыну Вагнера, опернага наватара, які падарыў свайму прывіду крылы. Зноў "Лятучага галандца" ў Мінску дадуць толькі ў наступным месяцы.