Гімнасты-аматары з Мазыра на самым прэстыжным фестывалі цыркавога майстэрства ў Монтэ-Карла ўзялі адразу 4 спецыяльныя прызы ад арганізатараў фестывалю. Сёння выхаванцы студыі "Арэна" разам са сваімі кіраўнікамі вярнуліся ў Беларусь. У Нацыянальным аэрапорце апладысментамі іх сустракала група падтрымкі - бацькі і сябры
Нашы дзеці: Станіслаў Плотнікаў і дзве яго партнёркі - Вікторыя Баграёнак і Стэфанія Турмовіч - выступалі ў юнацкай праграме фестывалю. Разам з імі за ўзнагароду "Залаты клоўн" змагаліся яшчэ 12 каманд з розных краін. На знакамітай арэне ў Монтэ-Карла мы паказвалі нумар - трыа паветраных гімнастаў. Выступленне высока ацанілі гуру цыркавога майстэрства. Нават самыя складаныя трукі юныя артысты выконвалі без страхоўкі.
Дарэчы, галоўная ўзнагарода на міжнародным фестывалі цыркавога майстэрства ў Монтэ-Карла ў юнацкай катэгорыі дасталася камандзе з Францыі. Як прызналася наша каманда, змагацца за "Залатога клоўна" яны маюць намер і ў наступным годзе. Беларусь ізноў атрымала запрашэнне на ўдзел у алімпіядзе цыркавога майстэрства, якая штогод праходзіць у Манака пад патранажам самой прынцэсы Стэфаніі.













