Акцёр тэатра "Лялька" Алег Рыхтэр адзначыў 50-годдзе

1 мая 2017

Вялікі артыст на малой сцэне. Акцёр Беларускага тэатра "Лялька" Алег Рыхтэр бенефісам адзначыў 50-годдзе і чвэрцьвекавы юбілей творчай дзейнасці. Уладальнік вышэйшай узнагароды Саюза тэатральных дзеячаў "Крыштальны анёл", заслужаны Трубадур са спектакля "Брэменскія музыканты" і самы музыкальны акцёр віцебскай трупы лялечнікаў. Глядач ідзе на Рыхтэра, таму што ў яго руках лялькі ажываюць, а акцёрскі талент ператварае камерную сцэну любімага ў Віцебску тэатра ў бясконцы сусвет дабра і сумлення.

Вольга Маслоўская павіншавала майстра.

Музыка, жарты, пеністае ў бакалах. У “Ляльцы” свята. Вядучы майстар сцэны Алег Рыхтэр адзначае юбілей. Жыццёвы і творчы. Святочны настрой гасцям - верным гледачам юбіляра ствараюць яго калегі па тэатры. Яны - сям’я, пакінуць якую Рыхтэр ніколі не думаў. 25 гадоў таму ў трупу яго запрасіў мастацкі кіраўнік лялечнікаў Віктар Клімчук. Сёння ён самы шчыры прыхільнік таленту акцёра.

У 80-я Алег Рыхтэр прыехаў у сталіцу з маленькай браслаўскай вёскі, каб паступіць у Мінскі інстытут культуры. Артыстам яго называлі яшчэ ў школе. Марыў пра вялікую драматычную сцэну. Трапіў на камерную, але надта шырокую для самавыяўлення. Бо на лялечнай сцэне іграеш ролю за дваіх - за сябе і за ляльку.

Сярод мноства вобразаў знакавымі для Рыхтэра сталі ролі Геўрасія Вылівахі ў спектаклі “Ладдзя роспачы” паводле Караткевіча, Аладзіна ў аднайменнай пастаноўцы, Дзеда Мароза на лялечных ранішніках. А яго Трубадура з “Брэменскіх музыкантаў” бачылі ўжо тры пакаленні гледачоў. Нават у 50 ён улюбляе ў сябе не толькі Прынцэсу, але і юных глядачак.

Рыхтэр - акцёр музычны, добра валодае гітарай і баянам, а таму часта выходзіць з інструментам на сцэну. Акрамя таго, лічыцца галоўным гарманістам на ўсіх афіцыйных і неафіцыйных імпрэзах, Рыхтэр таксама штатны вадзіцель тэатральнага аўтобуса. Спецыяльна, каб вазіць трупу на гастролі, атрымаў правы класу “Д”. А ў дарозе заўсёды частуе сяброў па сцэне “аўтарскімі” пірагамі.

Да мноства прызоў за лепшыя ролі ў знакавы для майстра год далучылася галоўная ўзнагарода лялечнікаў “Крыштальны анёл”. Пад дахам “Лялькі” іх ужо тры. Дарэчы, свайго Алег Рыхтэр гатовы раздзяліць паміж усімі, з кім чвэрць стагоддзя выходзіць на адну сцэну. Каб пераўтварыць яе ў бясконцы сусвет дабрыні і сумлення.