Адна з залаў Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры ператварылася ў каларытнае лялечнае мястэчка

28 июня 2016

Яўрэйскае мястэчка ў цэнтры Мінска. Адна з залаў Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры на час ператварылася ў каларытнае лялечнае мястэчка, у якім усе жыхары - прадстаўнікі яўрэйскай нацыянальнасці. Больш за тры дзясяткі лямцавых персанажаў выставы - аўтарскія работы мастачкі Валерыі Гайшун.

Работы ўбачыла і з мастачкай пазнаёмілася Наталля Бардзілоўская. "Персона грата", што ў перакладзе "дазволеная асоба", - аўтар так пазначыла свой праект. Назва выставы нагадвае пра часы СССР, калі па этнічнай прыкмеце людзей называлі "пятай графой". Народ, які пры любых умовах жыцця захоўваў аптымізм, пачуццё гумару і самаіронію – у ляльках ураджэнкі Ленінграда, але па каранях і па энергетыцы бабруйчанкі Валерыі Гайшун.

У яе ўласнай сям'і ўвогуле сплялося з дзясятак нацыянальнасцяў: бабулі - руская і ўкраінка, дзядулі - рускі і яўрэй, першы муж казах, другі - беларус. На кожнага сваяка ў Валерыі ёсць лялька-партрэт. Але большую частку калекцыі складае яўрэйская тэма. Усё дзяцінства і юнацтва мастачка правяла ў Бабруйску – неафіцыйным яўрэйскім цэнтры Беларусі. Там аднакласнікі, сябры, суседзі...

Увасобленыя цэлымі сем'ямі, лялькі з лямцу спецыяльнай тэхнікі сухога валення ў характэрных для яўрэйскай традыцыі касцюмах. Ростам 35-40 сантыметраў фігуркі, хутчэй, як шарж, у жыццёвых сітуацыях і прафесіях. Кожны экспанат – у сваім інтэр'еры: мініяцюрная мэбля, посуд, усе аўтар падбірала сама.

Валерыя Гайшун – эканаміст. Не мае спецыяльнай мастацкай адукацыі. Але яе творчы почырк вядомы сярод прафесіяналаў і папулярны сярод гледачоў. Яе аўтарскія выставы праехалі па шматлікіх краінах, яны ў прыватных калекцыях па ўсім свеце. Адну з лялек – маці Марка Шагала – Гайшун падарыла Віцебскаму дому-музею Шагала. Рэч была прызнаная арт-аб'ектам 2013 года.