"Вочы чорныя". Майстэрства цыганскага танца

6 сентября 2016

Палымяная энергетыка, эмоцыі і экспрэсія… Найлепшыя традыцыі цыганскай музыкі і танца ўвасабляюць многія сталічныя калектывы. Сваю адметнасць мае і ансамбль "Вочы чорныя". Самабытны характар артысты перадаюць праз жывыя спевы. Юлія Токар - пра майстэрства цыганскага танца.

Палымяная энергетыка, эмоцыі і экспрэсія імгненна перадаюцца гледачу. Калектыў Андрэя і Вольгі Вялічкаў на сцэне ўвасабляюць найлепшыя традыцыі цыганскай музыкі і танца. Шоу ад ансамбля "Вочы чорныя", напоўненае чараўніцтвам і магіяй, заўсёды складаецца з харэаграфічных "хлапушак, чачотак і драбушак".

У шоу-праграме - больш за тры дзясяткі канцэртных нумароў. Самай маленькай салістцы, Ульяне, яшчэ няма і васьмі, але яна ўдала выконвае танцавальныя па і трукі.

Самі артысты кажуць, што цыганскі танец - гэта ўвасабленне мастацтва гарачай душы. Але ж каб стварыць такі выразны, яркі вобраз, Вольга Бурштын праводзіць не менш за гадзіну ў грымёрцы. Вочы павінны быць, зразумела, чорнымі, а ўбранне - як мага больш стракатым і звонкім.

У жанчын доўгія пышныя спадніцы. І гэта невыпадкова. Качавы лад жыцця вымушаў адначасова адзяваць усе ўборы. Сёлета ж галоўны сцэнічны элемент гардэроба аздабляюць разнастайнымі фальбонамі, каб падчас нумару яны таксама "танцавалі".

Зараз мы і праверым, наколькі складана танцаваць у жаночай спадніцы.

І сапраўды, нават самы просты элемент - цыганскае кручэнне - у такой спадніцы, а важыць яна не менш за два кілаграмы з ўсёй атрыбутыкай, для мяне, як для навічка, вельмі складана.

Скокі, карагоды, акрабатычныя элементы - пад жывы акампанемент скрыпкі, гітары і бубнаў ствараецца атмасфера сапраўднага цыганскага табара. "Вочы чорныя" ловяць погляды ўдзячных гледачоў - у тым ліку і замежных.