Аб’яўлены збор сродкаў на рамонт храма Святога Роха

26 Сакавіка 2018

Па касцёле, які носіць імя апекуна Мінска, папаўзла расколіна. Храм Святога Роха, вядомы яшчэ і як Прасвятой Тройцы, пакрыўся расколамі. Каталіцкі прыход аб’явіў збор сродкаў на рамонт помніка архітэктуры XIX стагоддзя, які прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю нашай краіны. Маштаб праблемы ацаніла мой калега Іна Пілевіч.

Як у песні, ён літаральна ведае ўсе трэшчынкі месца свайго служэння. Пробашч каталіцкай парафіі Прасвятой Тройцы Юрый Санько даследаваў кожны міліметр касцёла на Залатой Горцы. Упершыню святар заўважыў павуцінку на сценах святыні яшчэ ў 2013. З кожным днём шчыліны толькі раслі і пераўтвараліся ў сапраўдныя расколіны. Для высвятлення прычыны праблемы былі выкліканы спецыялісты і праведзена абследаванне. Аказалася, сцены разбурае занадта цяжкі дах.

Няправільна сканструяваны дах - спадчына савецкіх часоў. У эпоху атэізму помнік неагатычнай архітэктуры XIX стагоддзя рамантавалі для абсталявання тут філарманічнай залы. Памылкі мінулага парафія спрабавала выправіць 3 гады таму. Грошы на замену даху ахвяравалі вернікі і спонсары. Але на аднаўленне сцен сродкаў не хапіла. Таму парафія вырашыла шукаць матэрыяльную дапамогу праз краўдфандынгавую платформу. Кожны ахвотнік можа ахвяраваць праз Інтэрнэт.

Усе аднаўленчыя работы будуць праведзены толькі пасля ўзгаднення з Міністэрствам культуры. Справа ў тым, што касцёл занесены ў рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцей нашай краіны і знаходзіцца пад аховай дзяржавы.

Завяршыць аднаўленчыя работы парафія Прасвятой Тройцы спадзяецца да юбілею. У наступным годзе храму споўніцца 155, хоць сама каталіцкая абшчына значна старэйшая. Яе заснаваў яшчэ кароль Ягайла ў XIV стагоддзі. Першапачаткова касцёл стаяў на Траецкай гары, але пасля пажару яго перамясцілі на Залатагорскія могілкі - цяпер гэта цэнтр сталіцы.

На дадзены момант сабрана 18 % ад неабходнай сумы. Кожны тыдзень у касцёле ладзіцца малітва за тых, хто ахвяраваў сродкі на выратаванне святыні. Дарэчы, яна носіць імя не толькі Прасвятой Тройцы, але і Святога Роха. Менавіта ён лічыцца апекуном Мінска - выратаваў горад ад эпідэміі халеры. 


Папулярныя

Рэкамендуемыя

Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя