Абрадавы атлас створаць у Мінскай вобласці

3 февраля 2015

Гэты год у цэнтральным рэгіёне аб'яўлены годам народнага календара. На працягу года спецыялісты будуць збіраць усю інфармацыю аб традыцыях святкавання, абрадах і народных рытуалах. І самыя цікавыя і рэдкія абрады будуць уключаны ў народны атлас. Аб тым, як будзе выглядаць падобная карта, якія абрады могуць трапіць у лік самых аўтэнтычных - сюжэт Наталлі Кезік.

У старадаўнія часы абярэгі з грамнічных свечак рабіла кожная гаспадыня. У печы тапілі воск, на стале каталі маленькія свечкі, затым асвячалі іх у царкве. Гэта і было засцярогай для дзяцей ад злых духаў. Традыцыя, што здаўна існавала ў Барысаўскім раёне, жыве і сёння. Абрад захаваў фальклорны калектыў “Суседкі”. Рэцэпт такога васковога абярэга жанчынам перадавалі праз пакаленні.

Раіса Анікеева, дырэктар Наваянчынскага дома фальклору: "Адраджаем абрады, ходзім у вёску, збіраем песні, адраджаем фальклор нашай мясцовасці. Мы паказваем пасядзелкі пра лён – такога я не бачыла. Мы з дзецьмі паказваем і святкі".

Менавіта такія аўтэнтычныя абрады і ўвойдуць у Абрадавы атлас Мінскай вобласці. Над яго стварэннем зараз працуюць фалькларысты. У дапаможнік збяруць некалькі соцень старадаўніх і адметных абрадаў, характэрных толькі для цэнтральнага рэгіёна. Адновяць іх самабытныя народныя калектывы - накшталт “Суседак”. Вось ужо 20 гадоў яны ладзяць свае абрады – на зажынкі, пачатак палявых работ, вяселлі і каляндарныя святы.

Дом фальклору ў вёсцы Новае Янчына існуе 12 гадоў. Размясціўся ў доме былога Дома культуры. І ўсе разам тут прадметы вясковага побыту сабралі ўсяго за адзін год.

Вышыванкі, рушнікі, дзіцячыя калыскі, драўляныя лыжкі, калаўроты – інвентару тут хопіць, каб правесці не адзін старадаўні беларускі абрад. Ладзяць “Суседкі” і традыцыйнае беларускае вяселле - па ўсіх старадаўніх правілах. Таму ва ўбранні нявесты замест вэлюму – кветкавы вянок і сукенка з 50-ых.

Пакуль дакладна невядома, колькі абрадаў і якія з іх трапяць у Абрадавы атлас цэнтральнага рэгіёна. Збіраць інфармацыю будуць на працягу года. Вядома толькі, што атлас створаць па прыкладзе кнігі бытавых танцаў. Матэрыялы для яе экспедытары сабралі летась.