Выяўлена актавая пячатка Ефрасінні Полацкай

3 июня 2015

Актавую пячатку Ефрасінні Полацкай выявілі падчас археалагічнай экспедыцыі ў старажытным беларускім горадзе. Яна праляжала ў зямлі больш за восем стагоддзяў, але нягледзячы на гэта знаходзіцца ў ідэальным стане. Пакуль унікальны артэфакт шырокай публіцы не прэзентавалі.

  Марына Раманоўская адной з першых у літаральным сэнсе дакранулася да гісторыі.

Менавіта тут, на тэрыторыі Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, праходзілі тыя самыя раскопкі, вынік якіх уражвае. Група беларускіх і расійскіх навукоўцаў хацела разгадаць задуму дойліда Іаана. Майстар узвёў Спаса-Праабражэнскую царкву ўсяго за 30 тыдняў. Побач з падмуркам храма і выявілі ўнікальны артэфакт - актавую пячатку Ефрасінні Полацкай.

У старажытнасці такімі пячаткамі змацоўвалі важныя дакументы. На адным баку гэтага артэфакта намаляваны святы, на другім - надпіс. Менавіта яна пацвярджае, што ўнікальная знаходка належала самой Ефрасінні Полацкай.

Артэфакт стаў яшчэ адным пацвярджэннем, што ў XII стагоддзі Полацкі манастыр быў не толькі буйным духоўным, культурным, але і грамадска-палітычным цэнтрам. У тыя часы змацоўваць дакументы пячаткай, якая пацвярджала іх сапраўднасць, мог толькі епіскап або князь. Таму той факт, што ў Ефрасінні Полацкай была свая асабістая пячатка - унікальны.

Іна Песіна, галоўны захавальнік фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея: "Вось ёсць адтуліна, праз якую працягваецца нітка, а на адваротным баку можна прасачыць, як гэта нітка цягнецца. Ёсць нейкая няроўнасць у свінцу".

Пячаткі з імем "Ефрасіння" ў розныя часы знаходзілі пры раскопках і ў Расіі, і ў Беларусі. Адна з іх захоўваецца ў фондах Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея запаведніка, ёсць такія і ў прыватных калекцыях па ўсім свеце. Аднак доказаў, што менавіта яны належалі Ефрасінні, дагэтуль няма.

Дзяніс Дук, доктар гістарычных навук, прафесар Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта: "Іншыя такія пячаткі могуць належаць епіскапам. Але гэта пячатка прызнана ўсімі спецыялістамі не толькі Беларусі, але і замежжа".

Апроч навукоўцаў у экспедыцыі ўдзельнічалі і лепшыя студэнты ВНУ. Дар'я Грыцкевіч знайшла дзясятак артэфактаў. Менавіта другакурсніца першай знайшла пячатку Ефрасінні Полацкай.

Дар'я Грыцкевіч, студэнтка Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта: "Так атрымалася, што зямля абсыпалася на пераборы. Я гляджу, выпала круглая рэч. Спачатку мне здалося, што гэта манетка. Я вельмі была рада. Нарэшце і мая знаходка. Потым я ўбачыла твар святога і зразумела, што гэта нешта большае".

Зараз унікальную знаходку рыхтуюцца паказаць шырокай публіцы, прэзентацыя пячаткі адбудзецца напярэдадні Дня Ефрасінні Полацкай. Затым артэфакт адправіцца на рэстаўрацыю. Мінімальную. Пячатка захавалася ідэальна, нягледзячы на тое, што праляжала ў зямлі больш за восем стагоддзяў.

Дзяніс Дук, доктар гістарычных навук, прафесар Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта: "Яна будзе ўпрыгожваць нашу полацкую скарбніцу. Потым любы ахвотнік з усіх куткоў свету зможа яе ўбачыць".

Раскопкі на тэрыторыі Спаса-Ефасіннеўскага манастыра прадоўжацца. Як доўга - пакуль невядома. Таксама як і колькасць таямніц, якія захоўвае полацкая зямля.