Як рыхтаваліся маладыя да самых галоўных падзей стагоддзе таму ў Валожынскім раёне і чым адметны гэты край? Пра адметныя мясцовыя традыцыі расказалі і паказалі іх у Івянецкім музеі традыцыйнай культуры нашаму карэспандэнту Ларысе Гулякевіч.
Таццяна Задрэйка - івянецкая майстрыха. І тчэ, і шые, і вышывае. Як супрацоўнік Івянецкага музея традыцыйнай культуры ўвесь працэс апрацоўкі лёну падчас экскурсій паказвае ад пачатку да гатовых вырабаў на драўляных ткацкіх станках. Утульнасць і дабрабыт у хаце традыцыйна ахоўваюць лялькі-абярэгі. Турысты спецыяльна запісваюцца на майстар-класы Таццяны.
Тут усё вытрымана ў народных традыцыях і па старадаўніх рэцэптах, як гэта рабілі нашы прабабулі стагоддзі таму. Ткацкія вырабы, ручнікі, бялізна - шлюбны пасаг складваўся ў вялікі куфар і з'яўляўся доказам працавітасці дзяўчыны, якая рыхтавалася да замужжа.
У жніўні звычайна пачыналі ладзіць вяселлі. А як, напрыклад, рыхтавалася да шлюбу маладая ў Івянцы? Па-першае, гэта як мінімум 40 ручнікоў, безліч паясоў і сувоі тканіны. У 20-х гадах мінулага стагоддзя ў пасаг дзяўчыне давалі ўжо не куфар, а вось такую шафу.
Кавальства і разьба па дрэве. Знакаміты майстар Мікалай Задрэйка - муж Таццяны - вядомы не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Ён часты ўдзельнік міжнародных пленэраў.
Нядаўна майстар зрабіў драўлянага зубра - сімвал Налібоцкай пушчы, якая пачынаецца менавіта з Івянца. Здабыткам Івянца з'яўляецца знакамітая кераміка - паліваны посуд з размалёўкай карычневага ці белага колеру ў выглядзе прамых ці хвалістых паяскоў. Саломапляценне таксама тут адметнае.
У Івянецкім музеі, якому больш за 60 гадоў, працуюць інтэрактыўныя праграмы, ладзяцца народныя святы. Самае любімае і запатрабаванае - "Таямніцы старасвецкага мястэчка Івянец".
Пра стагадовыя традыцыі расказваюць у Івянецкім музеі традыцыйнай культуры
4 августа 2020













