Аб пачуцці сыноўскага абавязку

8 октября 2017

Дарэчы, сёння Беларусь адзначае Дзень працаўнікоў культуры. Сваім гэтае свята лічаць і служэбнікі сцэны, і мастакі, і дзеячы кіно, і музейшчыкі. Усе, хто звязаны з дзясяткамі кірункаў культурнай сферы. Гэтая ніва, якой служаць цэлымі дынастыямі.

Але сёння гісторыя аб тым, як сын змяніў прафесію, каб прадоўжыць справу бацькі. Вядомы ў сярэдзіне двухтысячных спявак Nils раптам знік з экранаў і ратацый на радыё. Прычына - выратаваць творчую спадчыну таты - скульптара. Алена Борматава пра пачуццё сыноўскага абавязку.

На пачатку нулявых ён уваходзіў у топ папулярных артыстаў. Пад псеўданімам Нілс і ў дуэце The Champions пакараў вяршыні хіт-парадаў і музычных конкурсаў. А затым раптоўна знік з экранаў.

Вячаслаў Лышчык - сапраўднае імя музыканта - кардынальна змяніў сферу дзейнасці, каб прадоўжыць справу бацькі – скульптара Аляксандра Лышчыка. І музычную студыю змяніў на вытворчасць.

Майстра не стала шэсць гадоў таму. Шок для калег. Яны не ведалі пра хваробу. А скульптар апошні час не мог ляпіць - рука аднялася. Усе сілы аддаваў малюнкам і эскізным замалёўкам. Свае апошнія дні Аляксандр Лышчык правёў у майстэрні.

Інструменты, якімі ствараліся знакамітыя скульптуры. Работы Аляксандра Лышчыка сёння ў многіх гарадах Беларусі. Манументальныя праекты – у Кобрыне, Камянцы. Адна з апошніх - брама і бронзавыя анёлы на мемарыяле Першай сусветнай у Мінску.

Адна з самых знакавых работ скульптара – “Бабёр” у Бабруйску. Горад атрымаў яго больш за дзесяць гадоў таму да свята “Дажынак”. Мясцовыя адразу празвалі яго Бабром Самуілавічам, бо выглядае бронзавая жывёліна як сапраўдны дэндзі.

Заможны бабёр, які стаў адным з гарадскіх сімвалаў і турыстычных брэндаў.

Невялікія гарадскія скульптуры аўтарства Лышчыка - ледзь не ў кожным горадзе. Аднак многае так і не было рэалізавана. Сотні незавершаных работ. Дзясяткі формаў і эскізаў - творчая спадчына, якая засталася ад бацькі. Зараз стала справай жыцця і сына. Для Вячаслава - цяпер ужо экс-Nils - скульптура стала і асноўнай работай, і данінай павагі да роду. Пасля смерці бацькі ўсе формы і загатоўкі Вячаслаў перабіраў асабіста. Многія з работ патрабавалі рэканструкцыі. Шукаў спецыялістаў, якія браліся за рэстаўрацыю скульптур. Шмат кансультаваўся з вядомымі майстрамі – калегамі бацькі. Па начах вывучаў тэхналогію мастацкага ліцця, а днём вучыўся варыць бронзу, чаканіць і пацініраваць яе.

У матэрыял, ці як кажуць прафесіяналы, у бронзу сын перавёў дзясяткі работ. І арганізаваў першую выставу памяці бацькі. Упершыню ў метале паказаў скульптуры, якія да сёння, захоўваліся ў воску. Многія рэчы былі створаны яшчэ ў дзевяностых.

Вяртанне музыканта, спевака, аранжыроўшчыка Вячаслава Лышчыка на сцэну – справа часу. На гэтым настаяў сябр – Дзмітрый Калдун. Музыкай прыходзіцца займацца па начах. Пад якім імем Слава выйдзе на сцэну - усіх карт не раскрывае.

Паралельна сын заканчвае яшчэ адну незавершаную справу свайго бацькі. Актыўна вядуцца перамовы наконт усталявання коннай скульптуры Гедыміна ў Лідзе – апошняй работы Аляксандра Лышчыка. А можа наадварот - першая сына, які за бацьку.