Сёлетнюю Нацыянальную тэатральную прэмію вызначаюць новаўвядзенні

15 ноября 2014

Тэатры Беларусі рыхтуюцца да атрымання сваіх галоўных узнагарод - прызоў Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Трэцяя цырымонія запланаваная на 30 лістапада. Ёй будуць папярэднічаць паказы спектакляў-намінантаў. Даваць іх будуць на розных тэатральных сцэнах Мінска з 24 лістапада. Хто прэтэндуе на званне лепшых і ў якіх намінацыях - даведаемся ў Алены Борматавай.


Сёлетнюю Нацыянальную тэатральную прэмію вызначаюць новаўвядзенні. Тэатральны сезон спатрэбіўся на карэкціроўку асноўнага палажэння. Зараз прэмія ўручаецца раз на два гады. Гэта рэальная магчымасць адным убачыць, другім паказаць, на што годная тэатральная Беларусь.


Першая драматычная сцэна Беларусі стане месцам збору тэатральнай эліты. Менавіта тут пройдуць паказы многіх спектакляў-намінантаў і сама цырымонія закрыцця трэцяй Нацыянальнай тэатральнай прэміі Беларусі. Дарэчы, пераможцы сёлета атрымаюць і зусім іншы прыз. Замест былой Паўлінкі - новая статуэтка. Але як выглядае галоўны тэатральны прыз, арганізатары цырымоніі пакуль трымаюць у сакрэце.


Колькасць намінацый павялічылі да 21. Упершыню ўвялі ўзнагароду за лепшы дэбют. Яна будзе ўручацца маладым тэатралам да 35 гадоў.


Самі намінацыі разбілі на тры секцыі - драматычную, музычную і секцыю тэатра лялек. Кожную ўзначальвае асобны склад журы. Раней гэта было адно вялікае журы - так званыя тэатральныя акадэмікі. Сёлета ў складзе таксама людзі з акадэмічнымі званнямі - прафесары, выкладчыкі і, вядома, тэатралы. Журы музычных тэатраў ужо адгледзела тры з чатырох заяўленых спектакляў. На чарзе - балет Вітаўт.


Ніна Шарубіна, член журы музычнага тэатра III Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва Нацыянальная тэатральная прэмія, заслужаная артыстка Беларусі: Калі браць выканаўцаў - тут будзем вырашаць. Ёсць з чаго выбраць і з каго выбраць. У нас намінацыя Лепшы спектакль оперы, Лепшы спектакль музычнага тэатра і Лепшы спектакль балета. Плюс такія падпункты - гэта Лепшы харэограф, Лепшы рэжысёр і, вядома, акцёрскія працы.


Нацыянальная прэмія - гэта, па сутнасці, нацыянальны тэатральны фестываль. Цэлы тыдзень будуць даваць спектаклі 21-го тэатра Беларусі - менавіта столькі калектываў у спісе намінантаў на прэмію.


30 лістапада назавуць імёны пераможцаў па ўсіх намінацыях. Цырымонію рыхтуе Купалаўскі тэатр. Гэта будзе камерная, акадэмічная дзея з удзелам усіх тэатральных жанраў.